Аляксандр Лукашэнка 9 верасня падпісаў указ № 401 «Аб прысуджэнні дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2012 года».

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, прысуджаны тры прэміі ў сферы навукі і тэхнікі і тры прэміі ў сферы літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Дзяржаўнай прэміяй у сферы навукі і тэхнікі адзначаны цыкл прац «Новыя неарганічныя злучэнні і матэрыялы на аснове мікра- і нанаразмерных часціц: атрыманне, уласцівасці, прымяненне». «Ён мае высокую навуковую каштоўнасць і ўтрымлівае вынікі сусветнага ўзроўню навізны, атрыманыя за 35-гадовы перыяд даследаванняў», — зазначаецца ва ўказе. Аўтарамі Міхаілам Арцем’евым, Анатолем Лесніковічам і Алегам Івашкевічам упершыню сінтэзаваныя больш за 100 новых злучэнняў, якія знайшлі прымяненне ў розных галінах і ў розных краінах свету.

Гэтай прэміі таксама ўдастоена праца «Распрацоўка і шырокамаштабнае ўкараненне нацыянальных сродкаў абароны дакументаў, каштоўных папер і асабліва каштоўных аб’ектаў на аснове галаграфічных метадаў». «Аўтарамі Леанідам Таніным, Пятром Майсеенкам і Мікалаем Макарэвічам распрацаваныя і ўкаранёныя нацыянальныя надзейныя сродкі абароны ад падроблівання каштоўных папер, што маюць сусветны прыярытэт, — гаворыцца ў дакуменце. — Навуковая каштоўнасць гэтай працы заключаецца ў развіцці фізічных прынцыпаў і распрацоўцы ўнікальных галаграфічных тэхналогій, якія з’яўляюцца бясспрэчным дасягненнем беларускіх вучоных і інжынераў».

Апрача таго, дзяржпрэміяй у галіне навукі і тэхнікі ўзнагароджана праца «Распрацоўка і асваенне вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў чацвёртага пакалення ваенна-тэхнічнага і двайнога прызначэння». Ва ўказе зазначаецца, што аўтары Андрэй Галавач, Юрый Нікалаеў і Яўген Гарко «стварылі аснову для арганізацыі ў Беларусі ўласнай вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў, якія істотна перасягаюць па сваіх характарыстыках машыны папярэдняга пакалення».

Дзяржпрэміяй у сферы літаратуры, мастацтва і архітэктуры адзначаны спектакль «Пінская шляхта» паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. «Творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стварыў спектакль, які стаў выбітной з’явай у тэатральным жыцці краіны, які ўяўляе сабой яркае ўвасабленне класікі сучаснымі сцэнічнымі сродкамі. Гэтая пастаноўка атрымала высокую ацэнку і прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой», — гаворыцца ва ўказе. Прэмія прысуджана народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву, мастаку-пастаноўшчыкуВользе Мацкевіч і кампазітару Андрэю Зубрычу.

За высокія дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства дзяржаўнай прэміі ўдастоена артыст-вакаліст — вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна. «Артыстка, якая валодае голасам рэдкага тэмбру, за кароткі час стала вядучай салісткай тэатра оперы і балета, дэманструючы цудоўны вакал, віртуозную пеўчую тэхніку і талент драматычнай актрысы. Яе творчасць з’яўляецца найвышэйшым дасягненнем беларускага мастацтва апошняга часу», — зазначаецца ў дакуменце.

Дзяржаўнай прэміяй за шматпрофільны культурна-спартыўны комплекс «Мінск-Арэна» адзначаны аўтарскі калектыў у складзе Валерыя Куцко, Уладзіміра Будаева і Анатоля Шабаліна, які стварыў «найбуйнейшы спартыўна-культурны аб’ект на тэрыторыі краіны, што па сваім маштабе, інжынерным і мастацкім вырашэнні можна параўнаць з найлепшымі ўзорамі сучаснай сусветнай архітэктуры», гаворыцца ва ўказе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?