Патаннелыя з ліпеня акцыі кампаніі ўчора ўзляцелі амаль на 10%. Угода да гэтага часу не пацверджаная, ужо названыя патэнцыйныя пакупнікі ад яе адхрышчваюцца. Але расійскаму выданню «Комммерсант» стала вядомае імя яшчэ аднаго прэтэндэнта — гэта Аркадзь Ротэнберг, які працуе на хімічным рынку з 2011 года.

Ускладніць перамовы можа тое, што, паводле дадзеных «Коммерсанта», Сулейман Керымаў гатовы прадаць свой пакет толькі на траціну даражэй за рынкавую цану.

Учора каціроўкі акцый найбуйнейшага сусветнага вытворцы калію «Уралкалій» на ММВБ выраслі на 8,7%. На Лонданскай фондавай біржы цана паднялася яшчэ мацней — амаль на 10%. Гэта першы сур’ёзны рост «Уралкалія» з 30 ліпеня, калі аб’ява аб скасаванні партнёрства з «Беларуськаліем» абваліла яго акцыі амаль на 20%. У мінулую пятніцу захоўвалася зніжэнне на 14%. Учора ж «Уралкалій» каштаваў толькі на 5,5% менш, чым да скандальнай аб’явы.

Крыніцы «Коммерсанта» на рынку звязваюць гэта з чуткамі аб продажы долі асноўным акцыянерам «Уралкалія» Сулейманам Керымавым (валодае 21,75%). Паводле неафіцыйных версій, перамовы аб продажы пакета вядуцца з пецярбургскім банкірам Уладзімірам Коганам, а таксама з уладальнікам АФК «Сістэма» Уладзімірам Еўтушэнкавым і ўладальнікам «Руснефти» Міхаілам Гуцарыевым. Аднак Еўтушэнкаў учора афіцыйна абверг цікавасць да «Уралкалія». У Когана, паводле дадзеных крыніц «Коммерсанта», «пакуль няма сродкаў на ўгоду і ўхвалы зверху». «Коммерсанту» ўдалося высветліць імя яшчэ аднаго прэтэндэнта — крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй вакол кампаніі, запэўніваюць, што найбольш імаверным пакупніком акцый «Уралкалія» з’яўляецца Аркадзь Ротэнберг. Крыніцы выдання кажуць, што «перамовы Керымава і Ротэнберга знаходзяцца ў вельмі актыўнай стадыі», але калі можа быць завершаная ўгода, не ўдакладняюць. Прадстаўнік Ротэнберга сітуацыю не каментуе.

А. Ротэнберг як пакупнік падабаецца ўладам, бо ён «правераны і надзейны», кажуць суразмоўцы «Коммерсанта».

«Праблем, як з Сулейманам Керымавым, у гэтым выпадку чакаць не варта», — тлумачыць адзін з іх. Паводле яго словаў, Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што супрацоўнічаць з «Уралкаліем» за Керымавым не будзе, а Аркадзь Ротэнберг «усіх задавальняе». Прадпрымальнік не раз абяцаў пашырыць хімічны бізнэс. У сакавіку 2012 года яго Нацыянальная хімічная група (НХГ) дамовілася з «Газпрамам» і ўладамі аб рэалізацыі праектаў развіцця газахімічнай вытворчасці на Далёкім Усходзе. Гаворка ішла аб будаўніцтве буйнога камбіната па вытворчасці азотных угнаенняў у Хабараўскам краі ці Прымор’і. Тады ж НХГ накіравала «Газпраму» запыт на закупку газу ў аб’ёме каля 3 млрд кубаметраў у год. Але праект да гэтага часу ў стадыі распрацоўкі. Крыніцы «Коммерсанта» не раз казалі пра цікавасць Ротэнберга да «Тальяціазоту» Уладзіміра Махлая.

Але перамовы з любым з прэтэндэнтаў на «Уралкалій» могуць ускладніцца тым, што Сулейман Керымаў гатовы прадаць долю толькі істотна даражэй за рынкавую цану. Па словах крыніцаў «Коммерсанта», ён просіць за 21,75% акцый «Уралкалія " каля $4,5 млрд (учора на ММВБ гэты пакет каштаваў $3,4 млрд). Адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта» мяркуе, што прафінансаваць угоду могуць ВТБ і ВЭБ, але крыніца ў ВТБ гэта абвяргае. У «Нафта Масква» Сулеймана Керымава па-ранейшаму абвяргаюць продаж яго пакета ва «Уралкаліі».

Канстанцін Юмінаў з Raiffeisenbank упэўнены, што «Уралкалій», які генеруе больш за 50% рэнтабельнасці па EBITDA, «цікавы любому, у каго знойдуцца грошы». Да таго ж калі ў кампаніі зменіцца акцыянер, «усё можа вярнуцца ў сваё рэчышча» — напрыклад, кампанія вернецца да супрацоўніцтва з беларускім вытворцам або да стратэгіі «высокая цана важнейшая за аб’ёмы». Юмінаў лічыць Аркадзя Ротэнберга «лагічным» прэтэндэнтам і не сумняецца, што ён зможа знайсці фінансаванне для ўгоды. Аднак для самой кампаніі могуць узнікнуць рызыкі — калі доўг будзе павешаны на «Уралкалій» ці будзе вырашана для выплаты доўгу нарасціць дывідэнды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?