Дваццаць два жыхары Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці аштрафаваныя за парушэнне збароны трымаць свіней на асабістых падворках, якія трапілі ў так званую буферную зону.

Як паведаміў старшыня адміністрацыйнай камісіі Сяргей Сташук, агульная сума штрафаў склала 8,3 млн. рублёў. Мінімальны штраф склаў 100 тыс. рублёў, максімальны — 1,5 млн. рублёў. Паўторныя выпадкі парушэння ветэрынарных правілаў фізічнымі асобамі на адміністрацыйнай камісіі не разглядаліся.

Згодна з пастановай Мінсельгасхарча № 30, у радыусе 5 кіламетраў ад буйных свінакомплексаў забаронена трымаць свіней на асабістых падворках. На тэрыторыі Рэчыцкага раёна два свінакомплексы: у філіялах «Савецкая Беларусь» і «Дземехі» Рэчыцкага камбіната хлебапрадуктаў. Гэтыя комплексы пераведзеныя на закрыты рэжым функцыянавання, распрацаваны план па абароне пагалоўя ад заражэння афрыканскай чумой свіней.

У Гомельскім райвыканкаме паведамілі, што пакуль адміністрацыйная камісія нікога не аштрафавала за парушэнне ветэрынарных правілаў. У Гомельскім раёне ў пяцікіламетровую зону трапілі некалькі населеных пунктаў Цярухскага, Прыбыткоўскага, Урыцкага сельсаветаў. На свінакомплексах Гомельскага раёна «Сож» і «Паўднёвы» ўтрымліваецца каля 130 тыс. свіней. Тут таксама прынятыя меры па прафілактыцы чумы свіней.

У Мазырскім раёне за час дзеяння пастановы аштрафавана «некалькі чалавек», сказалі БелаПАН у райвыканкаме.

Свінаводствам займаюцца тры гаспадаркі Мазырскага раёна. Да прыкладу ў саўгасе-камбінаце «Зара» гадуюць каля 40 тыс. свіней. Тут узмоцнены меры бяспекі.

У адміністрацыйнай камісіі Светлагорскага райвыканкама паведамілі, што да іх паступалі пратаколы аб парушэнні правілаў утрымання свіней у сувязі з АЧС, але пратаколы накіраваныя на дапрацоўку.

У Брагінскім раёне насельніцтву трымаць свіней можна пры ўмове выканання прафілактычных мер. Хаця тут і не было ачага АЧС, як і ва ўсёй Гомельскай вобласці, але яшчэ вясной па рашэнні выканкама было знішчана пагалоўе на трох сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Свіней тут было няшмат — каля 2,3 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?