Апытаньне экспэртаў.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік Рэспублікі Беларусі:

«Разумная ўлада не павінна рабіць такіх захадаў»

Я лічу, што разумная ўлада не павінна шукаць шляхі да такога падыходу. Можна гаварыць, што пэўныя рэгіёны Польшчы, пэўныя рэгіёны Расеі, пэўныя рэгіёны Літвы больш беларускія, чым адпаведна польскія, расейскія й літоўскія. Трэба падысьці так, каб польская меншасьць не адчувала сябе дрэна ў Беларусі, ці беларуская меншасьць — у Польшчы і гэтак далей. А тэрытарыяльныя прэтэнзіі пярэчаць міжнародным пагадненьням, падпісаным Беларусяй. Яны пярэчаць здароваму сэнсу. Паглядзеце, што зараз робіцца з Косава. (Фармальна — аўтаномны край на тэрыторыі Сэрбіі, у якім пераважае альбанскае насельніцтва — рэд.) Сьвет падзяліўся на дзьве часткі вакол гэтага пытаньня. Многа доказаў за тое, што Косава павінна быць самастойным, і ня менш доказаў таго, што новай дзяржавы не павінна быць. Я з гэтай праблемай сутыкнуўся й шмат гаварыў на гэтую тэму з сур’ёзнымі палітыкамі. І як чалавек, які лічыць, у пэўным сэнсе, Беларусь пакрыўджанай у многіх адносінах, я б устрымаўся ад такіх захадаў. Таму што нічога добрага яны тым беларусам, якія жывуць па‑за межамі Беларусі, не прынясуць.

***

Канстанцін, мэнэджэр:

«Прэтэнзіі могуць быць з боку суседзяў»

Менск ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да якіх суседзяў выстаўляць ня можа. Таму што гэтая краіна ніякага дачыненьня да этнічных межаў беларусаў, ці да гістарычных межаў Вялікага Княства, на жаль, ня мае. Больш лягічнымі выглядалі б тэрытарыяльныя прэтэнзіі з боку суседзяў да Беларусі. Наўгардукас (так літоўцы называюць Наваградак), Гомель… Пра палякаў увогуле няма чаго казаць. Да гэтае пары беларускія гарады носяць польскія назвы, уключна са сталіцай. І беларусы гэтым задаволеныя цалкам. Той краіны, якая можа прэтэндаваць на этнічныя межы беларускамоўных, такой краіны сёньня проста не існуе.

***

Алесь Міхалевіч, партыя БНФ:

«Выключаць нічога нельга»

Выключаць у гісторыі нічога нельга. Немагчыма. Пры цяперашняй сытуацыі непарушнасьці межаў у Эўропе гэта вельмі цяжка сабе ўявіць. Але ніколі невядома, што будзе далей. Напрыклад, як будзе вырашана пытаньне з Косава. Так што ў пэрспэктыве гэта магчыма. Тым больш, я абсалютна перакананы, што Расея, як любая імпэрыя, рана ці позна перастане існаваць.

***

Юрась, студэнт:

«У будучыні давядзецца ставіць такое пытаньне»

Пакуль будзе жыць беларуская нацыя — да тае пары будзе жыць памяць пра старадаўнія беларускія межы. І ніколі Вільня для беларусаў ня стане Вільнюсам. Як і Смаленск зь Беластокам ня будуць успрымацца як гістарычна не беларускія. Таму ў будучыні нармальным беларускім палітыкам, магчыма, у межах Эўразьвязу, але давядзецца ставіць гэтае пытаньне.

***

Мікола Статкевіч, палітык:

«Рэжым здольны на неадэкватныя крокі»

Безумоўна, тэрытарыяльныя прэтэнзіі з боку ўладаў РБ цалкам магчымыя. Таму што бедныя, аўтарытарныя, недэмакратычныя рэжымы, яны непрадказальныя. Яны здольныя на самыя неадэкватныя крокі. Вазьміце прыклад Паўночнай Карэі. Дзеля таго, каб выбіць некалькі дзясяткаў тысяч тон нафтапрадуктаў і некалькі тысяч тон рысу, яны гатовыя шантажаваць увесь сьвет ядзернай бомбай. Так і сёньняшняя беларуская ўлада. Як толькі скончыцца, а яна ўжо сканчаецца, халява за кошт танных нафты й газу, без чаго наш калгас ня можа, безумоўна, існаваць, дык улады пачнуць красьці чужую сыравіну, падманваць, крыўдаваць на суседа. А потым, як будуць злоўленыя за руку, альбо ім не пададуць міласьціну, дык будуць казаць: вось, маўляў, яны нам самі завінаваціліся, бо яны ў нас Смаленск забралі. А гэтым — фігу, бо Вільню ў нас адрэзалі зь Беластокам. І гэтак далей. Я ўпэўнены, што мы гэта ўсё пачуем. Зянон Пазьняк будзе адпачываць.

***

Вольга, настаўніца:

«Уявіць сабе такое сьмешна»

Гэта можа быць толькі на ўзроўні балбатні на мітынгах. Але не на афіцыйным узроўні. Бо толькі ўявіць гэтую сытуацыю — становіцца сьмешна. Беларусь выставіць ультыматум краінам Эўразьвязу? Ці сваёй саюзьніцы Расеі? Уяўляю, колькі будзе сьмеху па абодва бакі гэтай «прыфрантавой мяжы».

***

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

«Зблефаваць менск можа»

Пачнем з таго, што гістарычны час — вялікі час. І ніхто з нас наперад ня можа ведаць, якая будзе роля й месца Беларусі, скажам, празь пяцьдзясят гадоў. І ці ўрад тае Беларусі не згадае сваё гістарычнае мінулае дзеля ўмацаваньня сваёй пазыцыі ў той далёкай сучаснасьці або зь нейкімі іншымі мэтамі. Што да сёньняшняй сытуацыі, то пытаньне тэрытарыяльных прэтэнзіяў у Эўропе, як быццам, было канчаткова зьнятае тым знакамітым Хельсінскім пагадненьнем, калі ўсе кіраўнікі дзяржаваў падпісалі пэўныя дакумэнты аб тым, што тэрытарыяльных пытаньняў у Эўропе ніхто ні да кога ня будзе выстаўляць. Праўда, распад Савецкага Саюзу гэтае Хельсінскае пагадненьне цалкам абясцэніў. Усе тады былі задаволеныя, што імпэрыя зла рассыпаецца. Так што, пагадненьні пагадненьнямі, а ў гісторыі ўсё можа быць. Але сёньня, хутчэй за ўсё, ніводны сур’ёзны палітык ня выступіць з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі. Гэта тычыцца тым больш Беларусі. Беларусі ў сёньняшняй сытуацыі толькі не хапала канфлікту сусьветнага маштабу. Хаця, я не выключаю, што зблефаваць на гэтым, дзеля нейкіх мэтаў, афіцыйны Менск можа. Калі будзе крытычная сытуацыя, калі сытуацыя будзе для ўлады пагаршацца, то на гэтую карту яна можа паставіць. Але не ўсур’ёз. Нельга разьлічваць на тое, што нехта штосьці аддасьць. Тэарэтычную магчымасьць я б не выключаў, але гэта малаверагодна.

Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0