15.09.2013 / 23:37

Як выжывае азербайджанская апазіцыя 3

Незалежнае грамадства Азербайджана існуе на тых самых правах, што і беларускае. Але некаторыя моманты ўражваюць.

Партрэты Гейдара Аліева ў Азербайджане паўсюль

«А што гэта такое справа?» — пытаюся я ў таксіста, калі еду з аэрапорта імя Гейдара Аліева праспектам імя Гейдара Аліева ў цэнтр Баку, паказваю на маштабнейшы за «Мінск-Арэну» будынак. «Музей Гейдара Аліева, — кажа таксіст. — Калі паглядзець зверху, то будзе бачны аўтограф Гейдара».

Ужо ў самім Баку старэйшы Аліеў глядзіць на мяне з білбордаў, будынкаў, нават з вышываных дываноў. Ільхама Аліева побач з бацькам няма.

Калі згадваюць сітуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй у постсавецкіх краінах, то Беларусь заўсёды ставяць у адзін шэраг з Азербайджанам. Дэмакратыі меней, чым ва Украіне ці Малдове, але і не таталітарызм Узбекістана ці Туркменістана.

 

«Мусават»

Старшыня партыі «Мусават» Іса Гамбар прапануе сустрэцца ля праспекта Азадлыг (Свабоды).

Гэта зусім не цэнтр горада, стаяць яшчэ савецкія панэлькі. Але ўжо і сюды дабіраецца раскоша з цэнтра. Недалёка адбахалі фантастычны будынак Цэнтравыбаркама, будуецца сучасная гасцініца, усё перакапана.

Раней офіс «Мусавата» («Роўнасць») знаходзіўся ў цэнтры Баку, але ўлады забралі ў партыі памяшканне, адсялілі далей з вачэй. Вельмі нагадвае сітуацыю з мінскай сядзібай БНФ.

Гамбар сустракае ў сваім кабінеце. На сцяне вялізны партрэт Мамеда Расулзадэ, заснавальніка партыі. Расулзадэ быў адным з рухавікоў абвяшчэння ў 1918 годзе Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Пасля ўсталявання ў краіне савецкай улады быў арыштаваны супрацоўнікамі ЧК, але вызвалены асабістым загадам Сталіна. Дзесьці з год Расулзадэ адпрацаваў у Маскве, у наркамаце нацыянальнасцяў, аднак потым уцёк на Захад. У Польшчы ён, дарэчы, пабраўся з пляменніцай Юзафа Пілсудскага Вандай.

«Мусават» дзейнічаў у эміграцыі аж да развалу Савецкага Саюза.

Ужо потым кіраўніцтва перадалі прадстаўнікам метраполіі. І менавіта гісторык Іса Гамбар узначаліў партыю. Праўда, за сто гадоў змянілася ідэалогія. Паўставаў «Мусават», як сацыял-дэмакратычная партыя, сёння ж яна хутчэй кансерватыўная.

«Раней свабоды было больш»

«Ільхамаўскі рэжым больш рэпрэсіўны, чым гейдараўскі. Ён менш цярпімы да апазіцыйнай дзейнасці. Свабоды ў Азербайджане здушаныя нашмат больш, чым у 1990-х. Раней была магчымасць праводзіць мітынгі, працаваць з выбаршчыкамі. Цяпер жа такой магчымасці няма», — кажа Гамбар, зацягваючыся цыгарэтай.

Палітык узгадвае сваіх беларускіх сяброў, якія знаходзяцца прыкладна ў такой жа сітуацыі — Вінцук Вячорка, Аляксандр Мілінкевіч.

Лідар «Мусавата» быў у Мінску на святкаванні Дня Волі ў 2007-м.

«Мы ішлі з цэнтра, але нам не далі дарогі. Тым не менш мы дабраліся да месца мітынгу, было вельмі шмат людзей». Тое 25 Сакавіка сапраўды было шматлюдным.

«На Захадзе абвясцілі Беларусь краінай апошняга еўрапейскага дыктатара. На Азербайджан усё яшчэ глядзяць як на краіну, дзе магчымыя рэформы.

Ідэя такая, што азербайджанскія ўлады ўвесь час знаходзяцца пад ціскам Ірана і Расіі, яны, нават калі хочуць дэмакратыі, то павінны быць асцярожнымі», — чуецца нотка крыўды.

 «Удзячны беларусам»

У 2003 годзе Гамбар быў блізкі да перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. Той Азербайджан яшчэ не быў разбэшчаны аграмаднымі нафтавымі грашыма. Ільхам Аліеў ішоў на першы тэрмін пасля смерці бацькі. Уладная эліта неадназначна ставілася да сына Гейдара, нават рыхтаваўся палацавы пераварот.

«У адзін дзень стала вядома, што мяне арыштуюць. Я вельмі ўдзячны славянам, што назіралі за выбарамі — чэхі, славакі, беларусы пастанавілі сцерагчы маю кватэру. Кіраваліся тым, што на вачах у назіральнікаў арыштоўваць мяне не будуць», — расказвае Гамбар.

Сёння ў ахове лідара «Мусавата» чатыры чалавекі. Падчас электаральных кампаній гэтая лічба ўзрастае ў дзесяць разоў.

Ібрагімбекаў — кампраміс

На кастрычніцкія прэзідэнцкія выбары апазіцыя ідзе з адзіным кандыдатам, шырокай кааліцыяй за перамены, у якую ўваходзяць, як правыя, так і левыя, як ісламісцкія, так і свецкія партыі. Менавіта ад гэтай кааліцыі і быў вылучаны адзіным кандыдатам 74-гадовы драматург Рустэм Ібрагімбекаў.

Ён стварыў сцэнары да такіх фільмаў, як «Белае сонца пустыні», «Стомленыя сонцам».

«Ібрагімбекаў – гэта кампраміс, чалавек, які ўсіх задавальняе», — кажа мне галоўны рэдактар і ўладальнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва «Туран» Мехман Аліеў.

«У 2010 годзе апазіцыяй была ствараная Грамадская палата, кансультатыўны орган. Гэта паспяховы фармат. Апазіцыя была ў працоўным рэжыме, яна ўвесь час абмяркоўвала актуальныя пытанні, праводзіліся слуханні», — працягвае Мехман Аліеў.

«Мы зрабілі апытанне ў Баку: амаль палова ведала, хто такі Ібрагімбекаў. Яны сказалі, што гэта годны, знакаміты чалавек. Але ў рэгіёнах ён не так папулярны. Ён знаёмы людзям, якія маюць высокі адукацыйны ўзровень», — кажа рэдактар інтэрнэт-тэлебачання «Тэлеканал 13» Анар Оруджоў.

 За фінансаванне апазіцыі — страта бізнэсу

Азербайджан — краіна багатых людзей, аднак ніхто не адважваецца падтрымліваць апазіцыю. «Багатыя людзі баяцца. Ахвяраванні прыходзяць ад людзей, што жывуць за мяжой: у Расіі, у Еўропе. Кожны, каго западозраць у фінансаванні апазіцыі, страціць свой бізнэс», — кажа Мехман Аліеў.

Сярод апазіцыянераў няма багатых людзей. Вельмі часта ўвогуле мець працу для апазіцыянера — гэта вялікае шчасце. «Працуюць настаўнікамі, ёсць выкладчыкі ва ўніверсітэтах, дактарамі, інжынерамі — там, дзе ім цяжка знайсці замену», — кажа Гамбар.

Аліеў дае кватэры апазіцыйным журналістам

Падобная да беларускай сітуацыя ў сферы СМІ.

Фактычна, цэнзура сёння адсутнічае ў газетах. Ніхто не забараняе пісаць на нейкія тэмы, аднак потым можа чакаць суд. Форма ўціску на СМІ эканамічная — забарона на даванне рэкламы.

«Рэкламы няма. Яна пад кантролем дзяржавы. 95% газет не ведаюць, што такое рэклама», — кажа Мехман Аліеў.

Ён згадвае, як яму дала рэкламу адна буйная страхавая кампанія, але, пабачыўшы, пра што піша «Туран», запатрабавала зняць рэкламу, нават не вяртаючы назад грошай.

«Ва ўрадавых газет больш падпісчыкаў, але менш іх набывае ўраздроб. У апазіцыйных выданнях усё наадварот.

Абавязалаўка ідзе, што ўсе павінны падпісацца на дзяржаўныя выданні. Ёсць газеты, дзе падпіска 18 тысяч асобнікаў, а ўраздроб прадаецца 200 асобнікаў. Ёсць газета, што прадае ў дзень 35-40 асобнікаў. У год яна мела 250-300 тысяч манат прыбытку на рэкламе». Адзін манат роўны аднаму еўра.

Вядома, што ў інтэрнэце незалежныя рэсурсы карыстаюцца большай папулярнасцю. Ільхам Аліеў цудоўна гэта разумее, таму спрабуе залашчыць незалежную прэсу. У ліпені быў здадзены шматпавярховы дом для журналістаў. У тым ліку, кватэры там атрымалі і журналісты апазіцыйных выданняў.

«Мы былі аднымі з нямногіх, хто адмовіўся, — кажа Мехман Аліеў. — З цябе нічога не патрабуюць. Але ты сам будзеш адчуваць, што як ты будзеш крытыкаваць дзяржаву, калі табе далі кватэру».

57 палітвязняў

Нават у драбніцах рэжымы Аліева і Лукашэнкі падобныя. Беларускі лідар, калі гаворыць пра палітычных апанентаў, ужывае слова «адмарозкі», Ільхам — «унсюр» («паразіты»). У парламенце няма ніводнага іншадумца.

«У краіне 57 палітвязняў», — кажа праваабаронца Аваз Хасанаў. Мы п’ем чай з маленькіх шкляначак на летняй тэрасе ў чайхане ля старога горада. «Чайхан шмат, але ўсе яны ў закрытых памяшканнях, улады лічаць, што на свежым паветры збіраюцца вольналюбівыя людзі», — кажа Аваз, заядаючы чай клубнічным варэннем.

«Нядаўна арыштавалі трох маладых актывістаў. Дзевяць журналістаў у турмах. Два партыйныя лідары ў турме. Адзін з іх — лідар Ісламскай партыі — арыштаваны нібыта за шпіянаж на карысць Ірана».

Каб апынуцца на свабодзе, ад азербайджанскіх палітвязняў патрабуюць ліста аб памілаванні на імя Ільхама Аліева.

«Самі палітвязні пішуць рэдка, замест іх пішуць праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці», — кажа Хасанаў. Улады часам да такіх просьбаў прыслухоўваюцца.

Можна пачуць спекуляцыі аб «усходняй спецыфіцы» Азербайджана. Маўляў, дэмакратыя ў ісламскім рэгіёне не прыжываецца.

Аднак тут паўстаюць паралелі з гісторыяй. У 1918-м кіроўныя эліты Азербайджана праводзілі дэмакратычныя рэформы яшчэ інтэнсіўней, чым Кемаль Атацюрк у Турцыі.

Напрыклад, Азербайджанская Дэмакратычная Рэспубліка была адной з першых у свеце, дзе жанчынам далі выбарчае права. І не было тады ніякіх паправак на рэгіён.

Іса Гамбар пры канцы нашай размовы кажа, што апазіцыю ў Беларусі і Азербайджане нельга падводзіць пад стандартныя еўрапейскія правілы.

«Для нас змаганне за дэмакратыю, за еўрапейскі выбар — гэта наша місія. Мы будзем пры любых абставінах змагацца за гэтыя каштоўнасці».

Зміцер Панкавец, Баку — Мінск

0
Лекар / Адказаць
16.09.2013 / 09:02
Клубнічнае варэнне.
0
Popcorn / Адказаць
16.09.2013 / 10:45
2 лекар Палова беларусау - карэктары-аматары Мо лепш да сэнсу тэксту прыслухоувацца, а не русiзмы вышукваць?
0
Ы / Адказаць
16.09.2013 / 21:42
Уж не знаю, чем может быть недовольна там оппозиция, но Азербайджан одна из немногих стран бывшего СССР, которая очень успешно в последнее время развивается. Причем не только экономически, но и культурно.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру