Днямі са мной здарылася няшчасце: я згубіў вуліцу свайго дзяцінства.

Адбылося гэта ў Фэйсбуку, дзе я натрапіў на здымкі раёна старой Нямігі, што зрабіў у 60-я гады мінулага стагоддзя Зянон Пазняк.

Чамусьці згадалася, як Лукашэнка, толькі абраны прэзідэнтам, выказаўся пра нядаўняга суперніка: «У яго нават прафесіі няма! Фатограф…», — і зняважліва ўсміхнуўся журналістам, што таўкліся вакол…

І вось я гляджу на пазнякоўскія, нібы аднекуль з нябёс, здымкі, шукаю Нямігу, якую ён калісьці адчайна бараніў. Так, гэта яна: ад Петрапаўлаўскай царквы і далей, далей…

І навошта я пачаў спрэчку з маладым каментатарам, які сцвярджаў, што на здымку не Няміга, а Ракаўская, пасавецку — Астроўскага? Мусіць, мне карцела знайсці вуліцу, па якой у 1948-м упершыню пайшоў у школу. Той вуліцы даўно няма, нават адбітку амаль не засталося. А ў памяці?

Каб пераканаць апанента, я прапанаваў яму ўспамін.

Як, размахваючы нотнай папкай на бліскучых завязках, я ішоў берагам Нямігі, што несла свае каламутныя воды яшчэ па паверхні; потым вуліцай Нямігай, уздоўж несканчонага, здавалася, шэрагу таўстасценных дамоў, міма цьмяных вітрын былых прыватных крамак ды рамесных майстэрняў, агароджаных да бляску пацёртымі чыгуннымі парэнчамі. Як час ад часу збочваў у немігаючыя правалы нізкіх арак, каб, пераадолеўшы страх, праз змрочныя, поўныя таямнічых нечаканасцяў, прасякнутыя салодкім пахам газніцаў і пячнога смуроду двары выйсці на светлы прастор плошчы Свабоды — да залатых клёнаў старога сквера з разбураным фантанам пасярэдзіне; да эцюдаў Чэрні і бясконцых пасажаў гам з расчыненых вокнаў колішняга дома губернатара, дзе будучыя музыкі і кампазітары спасцігалі законы гармоніі і дзівосных гукаў неабсяжнай боскай вышыні…

Спрэчка скончылася тым, што я прызнаў сваю памылку, а мой малады апанент даволі ўнушальна зазначыў, што нельга абапірацца толькі на памяць. «...Я ўладальнiк вялiкай калекцыi старых здымкаў гораду, -- паведаміў Michal Zarozhny, -- так што можаце не сумнявацца, што Нямiгу ад Ракаўскай я магу адрозьнiць з заплюшчанымi вачыма. А памяць -- рэч сумнiўная, тым больш калi, як у вашым выпадку, столькi гадоў ужо мiнула».

Я пацікавіўся, хто ж ён, малады мінак, што так любіць родны горад.

Michal Zarozhny. 1988 год нараджэння… Мінск… БДУ… Мюнхен…

І раптам я надзвычай востра адчуў, што жыву ў горадзе, якога няма.

Дамы, будоўлі, заводы, праспекты, гатэлі, плошчы, скверы, нават метро… Усё гэта ёсць. А горада няма.

Бо толькі памяць робіць горад Горадам. Роўна як вёску Вёскай, краіну — Краінай.

Супольная памяць, прасякнутая жывымі нервамі і крывяноснымі сасудамі падзей і надзей.

Але дзе яна?

Дзе яна, калі пры канцы 1980-х у горадзе амаль не засталося нават даваенных старажылаў:

рамесніцкагандлёвы і служылы губернскі люд быў выбіты рэвалюцыяй і грамадзянскай, нацыянальная інтэлігенцыя згінула ў бяздонні ГУЛАГу, габрэйства — у гета, а тое, што выжыла, з’ехала на радзіму продкаў ці ў іншыя добразычлівыя землі і гарады. Вось чаму Мінска сёння больш у Ізраілі і НьюЁрку, Вільні і Варшаве, нават, бач, у Мюнхене…

Вось нейкія навукоўцы заклапаціліся аднавіць помнік расейскаму цару Аляксандру ІІ, што стаяў калісь у скверы на плошчы Свабоды, былой Саборнай. Пакіну ўбаку палітыку, што наўпрост выпірае з прапановы. Але дзе тая плошча і дзе той сквер?

Дзе дом губернатара, у якім ад даваенных часоў месцілася згаданая музычная школа? Дзе пасажы гам з расчыненых вокнаў? Вы іх чуеце?

Дзе мінскія помнікі, у якіх павінна жыць памяць? Мо помнікі Леніну ці Калініну? Але ў гарадах, што насамрэч гарады, помнікі жывуць сярод людзей, разам з людзьмі. Ці ж можна лічыць помнікамі тыя, што ствараюць вакол сябе пустэчу?

Не, аднавіць памяць немагчыма. Аднавіць магчыма веды. А памяць — толькі захаваць, набыць ці забіць.

Людзі, што нібыта імкнуцца шляхам рэканструкцыі аднавіць страчаную памяць, насамрэч нішчаць яе, ствараючы фальшывы рэнесанс.

Людзі, што нібыта імкнуцца набыць новую памяць, насамрэч забіваюць яе нахабнымі, на ўвесь далягляд, гмахамі.

Ну, а людзі пры ўладзе, што нібыта клапоцяцца пра памяць, насамрэч імкнуцца ўвасобіць сябе на яе фоне, закладаючы ў падмуркі навабудаў нейкія пасланні нашчадкам…

Гляджу на здымкі Пазняка, шукаю вуліцу свайго дзяцінства і пытаюся ў сябе: чаму я згубіў яе, чаму памыліўся?

А мо памылка цягнецца з таго моманту, калі, згубіўшы памяць, паверылі дырэктару саўгаса, што фатограф — не прафесія?

Я не ведаю, якім прэзідэнтам быў бы Пазняк, але ўпэўнены, што жыў бы ў Горадзе і Краіне, якія Ёсць.

Бо гэта самая адметная рыса фатографа — захоўваць Памяць.

Старая Няміга. 1960-я. Фота Зянона Пазняка.

Старая Няміга. 1960-я. Фота Зянона Пазняка.

Фантан у скверы на Плошчы Свабоды, дзе стаяў помнік Аляксандру ІІ. Канец 1940-х — пачатак 1950-х. Сябры. Аўтар справа.

Фантан у скверы на Плошчы Свабоды, дзе стаяў помнік Аляксандру ІІ. Канец 1940-х — пачатак 1950-х. Сябры. Аўтар справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?