catholic.by

catholic.by

Ксяндзу Уладзіславу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні з 54-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, што адбылося 12 верасня.«Пасля многіх старанняў і доўгага чакання сёння Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі атрымала паходзячую ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні кс. Уладзіслава Лазара», — адзначаецца ў паведамленні.

Ксёндз «сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у г. Мінску». Ён абвінавачваецца паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве).

«На запыт касцёльнай іерархіі» было атрымана запэўненне, што ў дачыненні да ксяндза «будуць захоўвацца ўсе яго правы згодна з заканадаўствам».

«У бліжэйшай будучыні» апостальскаму нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупу Клаўдыа Гуджэроці будзе дадзена магчымасць асабістай сустрэчы з Лазарам.

Улады «гарантуюць, што касцёльная іерархія будзе рэгулярна інфармавана пра вынікі следства, якое працягваецца». «Згодна з паведамленнем дзяржаўных уладаў гэты эпізод не паўплывае на клімат даверу Рэспублікі Беларусь да апостальскага пасаду і павагу да каталіцкага касцёла», — адзначаецца ў паведамленні.

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў звяртаецца з заклікам да вернікаў «даручыць Божай міласэрнасці гэтую балючую праблему».

Пра затрыманне ксяндза стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы. «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой», — сказаў Лукашэнка. 29 ліпеня інфармацыю пра затрыманне ксяндза Лазара пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар`інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).

Санкцыя п. 1 арт. 356 КК прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?