Зразумець сутнасць разнавіднасці адзінаборства, паглядзець на яго знутры дапамог сам баец, а таксама сучасныя тэхналогіі. У камеру GoPro погляд скіраваў Максім Спадаранка, што адважна спарынгаваў з чэмпіёнам.

Пра сябе: «Заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы. Чалавек з добрымі якасцямі і недахопамі, як і ўсе. Чалавек, які займаецца сваёй справай, спрабуе дасягнуць большага, змагаецца са слабасцямі. Пазітыўны і жыццярадасны».

Пра муай-тай: «Для мяне гэта стыль жыцця, лад мыслення. Мне дваццаць восем гадоў, дванаццаць з іх я аддаў прафесійнаму спорту. Да гэтага часу цалкам пагружаны ў трэніравальны працэс. Можна таксама дадаць, што спорт выхаваў мяне: з чатырнаццаці гадоў вучыўся знаходзіць агульную мову з людзьмі. Спорт пазнаёміў мяне з цікавымі людзьмі, ён даў магчымасць убачыць свет. Выконваў сацыяльную, камунікацыйную, філасофскую функцыі акрамя выхаваўчай».

Каронны ўдар: «Калі хочаце ведаць маё меркаванне, у мяне такога няма. Хоць спецыялісты адзначаюць ўдары „калена ў скачку“, „калена ў галаву“. Часам гэтыя прыёмы сапраўды выстрэльваюць, заспяваюць сапернікаў знянацку. Але асабіста для мяне гэта не каронныя ўдары (няма такога, каб я іх адпрацоўваў), а адны з тых, якія магу прымяніць падчас бою».

Стэрэатып: «Кажуць, качкі, баксёры, байцы — адбітыя і вуглаватыя? Стэрэатыпнае мысленне складваецца на прыкладах з жыцця. Качкі ў класе, у інстытуце, у двары сябе пазіцыянуюць як спартсменаў, але часта не паводзяць сябе па-спартыўнаму. Адсюль і думка, што наш брат трохі таго. Але хіба гэтая адбітая маса дасягнула поспехаў у прафесійным свеце? Не, таму што для гэтага патрэбныя глузды. Ведаеце, часам у спартсменаў па некалькі вышэйшых адукацый. Але наяўнасць або адсутнасць дакумента залежыць ад чалавека, яго асобы, а не ад роду дзейнасці. Магчыма, ад банальнага жадання разбурыць стэрэатып. Іншым той дыплом, меркаванне навакольных наогул пофіг! Што да мяне, то я не прыхільнік збіраць паперкі. У нашай краіне вышэйшая адукацыя — гэта страчаны час. У мяне дастаткова прыкладаў, калі людзі без адукацыі сталі прадпрымальнымі бізнэсменамі, а аднагодкі з дыпломамі крыху пазней працаўладкаваліся менавіта ў іх».

Веданне — сіла? «Хм, гледзячы як яго выкарыстоўваць! Ды і якая яшчэ сіла: стварэння або разбурэння? А можна ж яшчэ прывесці прыклады, калі няведанне — сіла. Скажам, выходзіш ты на рынг і не ведаеш, што твой апанент — супермегабаец. Ці ведаеш: ужо паглядзеў ролікі на YouTube, дзе ён вырубае ўсіх запар ударам справа. Стаіш — вочы па дваццаць капеек, рыхтуешся да накаўта».

Дэвіз: «Рабі што павінен, і хай будзе што будзе». Як бы ты сябе ні адчуваў, трэніравацца абавязаны. Ты павінен рабіць сваю працу, аддавацца ёй цалкам, нягледзячы ні на што. Таму што ведаеш, для чаго гэта трэба».

Новыя выклікі: «Калі б мне кінуў выклік Флойд Мэйуэзер, то можна было б сцвярджаць, што гэта нешта новае ў кар’еры. Усё астатняе ў мяне ўжо было. Застаюцца выклікі ўнутры сябе. Пакуль цікава, займацца варта. Не варта звяртаць увагу на мітусню — штодзённы выбар. Куды пайсці, што паесці, з кім сябраваць. Таксама важна, але, прыняўшы рашэнне па кожным з пунктаў, рухацца ў напрамку чагосьці вялікага робіцца лягчэй. Зрэшты, пра што я? Магчыма, аднойчы прачнуся з разуменнем таго, што няма на свеце нічога лепшага, чым язда на аднаколавым ровары. Што я толькі рабіў увесь гэта час? Вось гэта будзе выклік!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?