15 верасня ў Стаўбцоўскім раёне праходзіць свята, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Апрача мясцовых жыхароў у ім бяруць удзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дыпламаты, журналісты.

Спачатку ўдзельнікі свята наведалі сядзібу Акінчыцы, дзе нарадзіўся народны паэт, і азнаёміліся з работамі штогадовага мастацкага дзіцячага пленэра "Дзе льецца Нёман срэбраводны". Пасля гэтага было арганізавана наведванне сядзібы Альбуць, дзе ў 1912 годзе Якуб Колас упершыню сустрэўся з Янкам Купалам.

Выступаючы ў Альбуці, беларускі літаратуразнаўца Алесь Карлюкевіч заклікаў прысутных шанаваць творчасць Якуба Коласа, "дзякуючы якому кожны чалавек можа адчуваць сваю беларускую сілу і сваё грамадзянскае прызванне ў гэтым свеце".

Затым усе пераехалі ў сядзібу Смольня, дзе была прадстаўлена новая экспазіцыя ў філіяле літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Пасля цырымоніі ўскладання кветак да помніка паэту ў вёсцы Мікалаеўшчына свята перамясцілася ў вёску Стары Свержань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?