Беларусь прыняла рашэнне выдзеліць матэрыялы ў дачыненні да расійскіх грамадзян, якія праходзяць па «калійнай справе», у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру Расіі.

Аб гэтым 16 верасня паведаміў журналістам у Маскве намеснік генеральнага пракурора РФ Аляксандр Звягінцаў, паведамляюць расійскія інфармагенцтвы.

Паводле слоў Звягінцава, «сёння адбылася тэлефонная размова з генпракурорам Беларусі Аляксандрам Конюкам», падчас якой стала вядома, што адпаведныя ўказанні кіраўнік беларускай Генпракуратуры ўжо даў следчым органам.

Неўзабаве пасля заявы Звягінцава інфармаваная крыніца паведаміла расійскаму Інтэрфаксу, што пасля перадачы з Беларусі ў Генпракуратуру Расіі матэрыялаў па «калійнай справе» паўстане пытанне аб выдачы гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Урэшце, дадаў ён, можа быць і так, што следчыя з Расіі на нейкім этапе прыедуць у Мінск, каб працаваць з арыштаваным бізнесменам.

Так ці інакш, пытанне аб выдачы Баўмгертнера будзе вырашацца ў ходзе перамоў паміж двума пракурорамі і, магчыма, на палітычным узроўні, дадала крыніца.

Гендырэктар «Уралкалія», кіраўнік наглядальнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску 26 жніўня.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, ён абвінавачваецца па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?