mfa.gov.by
17 верасня намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына прыняла Часовага паверанага ў справах Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марціна Оберга.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні беларуска-шведскага супрацоўніцтва, паведамляе сайт МЗС.
Марціну Обергу 42 гады, у Мінск ён прыехаў улетку. Дагэтуль дыпламат працаваў у пасольстве Швецыі ў Маскве, дзе загадваў эканамічным аддзелам.
Год таму, 1 жніўня 2012 года, беларускія ўлады паінфармавалі Швецыю пра непрацяг акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата пасля «плюшавага дэсанту» (калі 4 ліпеня 2012 г. грамадзяне Швецыі раскідалі над Беларуссю з лёгкаматорнага самалёта плюшавыя цацкі з заклікамі да дэмакратыі ў Беларусі) абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.
У адказ шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі і рэкамендавалі двум супрацоўнікам пасольства пакінуць Стакгольм. 8 жніўня 2012 г. МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку было рэкамендавана прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.
У красавіку 2013 г. аб будучым аднаўленні працы дыпмісіі паведаміў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.