Чаго вартыя адны прыклады: «Маятнік вагаўся, як шалёны... Мініяцюра адлюстроўвае даенне анагра... Поўны анамнез... Не мужык, а азіят нейкі... Сабачы кал на дарозе...» Юры Пацюпа піша пра «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы» аўтарства Сяргея Шведава.

Сутыкаючыся зь недасьведчанасьцю, ды яшчэ й агрэсіўнаю, заўжды задаеш сабе пытаньне: а ці варта траціць порах на тое, каб давесьці праўду? Кажуць, Нільс Бор недасьведчаныя меркаваньні проста ігнараваў, нават часам зьдзекліва хваліў, бо не лічыў іх вартымі спрэчкі. Карл Попэр пільнаваўся іншае думкі — ён верыў: у палеміцы нараджаецца праўда.

Калі я ўзяўся знаёміцца з новым слоўнікам сынонімаў Сяргея Шведава, ува мне з кожнай новай старонкай расло абурэньне. Памалу ў мяне высьпеў сумнеў: ці сп. Шведаў мае хоць найменшае ўяўленьне, што такое сынонімы? Ці разумее, як і дзеля чаго робяцца слоўнікі? Скажу больш, ці валодае ён хоць мала-веле беларускай мовай!? А з фармальнага гледзішча, чаму ў гэтага слоўніка няма ані рэцэнзэнта, ані навуковага рэдактара? Распытваў калегаў-філёлягаў: дык хто ж такі Шведаў? Ці ведаюць яны такога мовазнаўцу? Усе паціскалі плячыма.

Вось як С. Шведаў у прадмове зьясьняе заданьні свае кнігі:

Важнейшай задачай Слоўніка з’яўляецца шырокае і дастаткова поўнае адлюстраванне лексічнага стану сучаснай беларускай мовы. А яго галоўная задача заключаецца ў тым, каб даць даволі шырокую гаму сінонімаў да асобнага слова ці словазлучэнння з акцэнтуацыйнай характарыстыкай да яго.

Першых жа сказаў досыць, каб усумніцца ў аўтаравай пісьменнасьці, а ў прафэсійнасьці й пагатоў. Што за плеаназм — «лексічны стан мовы», можа — стан лексыкі? І чаму такое шырокае заданьне мае менавіта слоўнік сынонімаў? Дый «акцэнтуацыйныя характарыстыкі» тут гучаць неяк недарэчна... Чытайма далей:

У Слоўнік уключаны словы агульнаўжывальнай лексікі і фразеалогіі, навуковыя тэрміны, новыя словы, утвораныя з беларускай ці запазычаныя з іншых моў, архаізмы і гістарызмы, іншамоўныя словы, якія выкарыстоўваюцца ў замежным кантэксце, а таксама лексічныя і некаторыя іншыя лексіка-граматычныя катэгорыі слоў.

Цікава, няўжо не знайшлося хоць сярэдненькага рэдактара, каб выправіць гэтую рытарычную бездапаможнасьць: «словы… лексікі» (!!!), «і фразеалогіі...» (?), якія ўлучаюцца «ў слоўнік...»? Гэта ж чыстая лухта! А што, прабачце, трэба даўнімаць пад «замежным кантэкстам», у якім выкарыстоўваюцца «іншамоўныя словы»? Баюся, С. Шведаў зусім не разумее таго, пра што піша.

Далей аўтар бярэцца тэарэтызаваць, зьдзіўляючы нас рэдкім у сваёй банальнасьці труізмам: Сінанімічны ланцужок звычайна складаецца са слоў разнастайнага паходжання. Але... дарма чакаць разьвіцьця думкі. Тэарэтызаваньне рэзка абрываецца, пачынаецца дыдактыка:

Варта заўважыць, што аўтар вельмі станоўча ставіцца да вялікай польскай мовы, але небяспечная тэндэнцыя найноўшых айчынных стылістаў і рэдактараў выхопліваць з сінанімічнага ланцужка словы польскага паходжання, а карэнныя беларускія словы крэмзаць, нібыта русізмы, мае вынікам збядненне агульнага лексікону нацыянальнай мовы.

А цяпер давайце адкінем шалупіньне гутарыстыкі й «вылушчым» «лягічнае» зьмеркаваньне:

...аўтар вельмі станоўча ставіцца... да польскай мовы, але... тэндэнцыя... стылістаў... мае вынікам збядненне... лексікону... мовы.

Дзе лёгіка? Ня скончылася адна думка — і пачалася другая? Гэта паводле прынцыпу: я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы.

А ўдумаемся ў словазлучэньне: «вельмі станоўча ставіцца»... Выходзіць, мог бы й «нестаноўча» ўспрымаць якую-колечы мову? Што ж, бывае... Ня ўсе ж мовы нам аднолькава падабаюцца. Але месца для падобнае шчырасьці, прабачце, не ў прадмове, нават не ў кулюарах... а хіба што адно на кухні паміж сябрамі. Урэшце, аўтар і тут не дае рады абысьціся без таўталёгіі: «станоўча ставіцца» й плеаназму: «лексікон мовы» (заміж беларускі лексыкон).

Працытую яшчэ адзін абзац:

Таму аўтар паспрабаваў наўмысна не перасычаць Слоўнік паланізмамі, што, на жаль, робіцца зараз культурніцкай тэндэнцыяй міленіума. Інакш найбольш сакавіты пласт беларускай літаратуры ХХ-га стагоддзя (Купала, Колас, Гарэцкі, Чорны, Мележ) у хуткім часе прамым шляхам пяройдзе ў катэгорыю ўстарэлай лексікі, а класікай незнарок зробяцца паланізаваныя творы сучаснай «гарадской плыні».

Тут словы наўмысна й незнарок яўна не на месцы, але гэта дробязь у прыраўнаньні з самым «ядром» выказваньня: «...пласт... літаратуры... пяройдзе... у катэгорыю... лексікі...» Як можна ўявіць падобную мэтамарфозу!? Аўтар зноў не абцяжвае сябе клопатам, каб канец сказу ўзгадніць зь ягоным пачаткам. Вось дык напраўду — канцы з канцамі ня сходзяцца!

Асобнае месца ў ваколмоўнай рыторыцы займаюць шаманскія заклёны зь пераліку ймёнаў: Купала, Колас, Гарэцкі, Чорны, Мележ. Гэта пусты знак, які апэлюе да патрыятычных эмоцыяў (і вельмі часта зь непатрыятычнымі намерамі). Але, першае, мова памянёных творцаў настолькі розная, што зводзіць іх у адзін шэраг — няма сэнсу. Другое, што супольнага паміж Шведавым зь ягонай трасянкай і пісьменьнікамі, на якіх ён спасылаецца? Калі б аўтар запраўды прачытаў іх з алоўкам, дык уклаў бы зусім іншы слоўнік і быў бы абачлівейшы ў выказах.

1.

«Слоўнік сінонімаў беларускай мовы», які мы разглядаем, спалучыў у сабе як дылетантызм аматара, так і русіфікацыйныя тэндэнцыі афіцыёзнае савецкае лексыкаграфіі.

Згрупуем заганы слоўніка Шведава згодна з рознымі крытэрамі.

Спачатку, пра расеянізмы. За расеянізмы савецкія слоўнікі крытыкава­ліся ня раз. Здавалася б, куды ўжо далей, яшчэ трохі — і засьмечваньне мовы знутры можна будзе прыраўнаць да яе забароны звонку. Аднак аўтар зрабіў яшчэ адзін крок у кірунку русіфікацыі. Я склаў ладны сьпіс расеянізмаў (і, відаць, ён далёка ня поўны), якіх няма ані ў пяцітамовым Тлсл., ані ў аднатамовым, але паўнейшым Бірсл. Ніжэй падаю гэты сьпіс разам з паўнавартымі беларускімі адпаведнікамі (апошнія — тоўстым курсывам) і камэнтарамі (у дужках — нумар старонкі слоўніка Шведава). Пры патрэбе — у лапках удакладняецца значаньне інавацыяў:

*адмеціна1 (353) — плеха, знак;

*апаска (42) — ёсьць у РБсл., але няма ў Тлсл. — перасьцярога;

*блявоціна (304) — у Тлсл., на жаль, ёсьць бляваць, але па-беларуску. — ва­ніты, на Гарадзеншчыне яшчэ кажуць рыгачы і рыгі (прр.: смаркачы і смэркі, сікуны і сікі);

*вогніва (145) — крэсіва, і больш нічога ня трэба выдумляць;

*вудзілішча (100) — вудзільна, брасл. вудавіла — і годзе;

*давесак (61) — даважка, што ў РБсл., таксама выглядае штучна, затое ў самога Шведава падаецца сымпатычным агрузак, у жывой мове кажуць з надбаўкаю, з коптарам;

— *дзярмо (165) — ну, гэтага «дабра» ў Тлсл. няма, затое ёсьць у Бірсл., але па-беларуску яшчэ зь XVII ст. казалі — лайно (гл. Сс.);

*жадзюга (135) — скнара, хцівы (-ая);

*зарыцца (111) — ёсьць квапіцца, галіцца й г. д., (дык навошта расеянізмы?);

*кісьць ‘гронка’ (117) — у Тлсл. тарнуецца толькі як кісьць рукі, што таксама сумнеўна, бо ў народзе не ўжываецца;

*крыса (64) — пацук, бац, шчур — і таго зашмат;

*мелачоўка (328) — драбяза, драбноцьце;

*мелката (206, 268) — драбната, мі­зар, або — мітульга, заедзь і шмат інш.;

*налічка (114) — гатоўка;

*незадача (9) — пляга, на жаль, у Тлсл. ёсьць незадачлівы;

*пусталайка ‘балбатун’ (60) — пустабрэх, пустазвон, пустамалот, пустамлён і г. д.

*путаны (11) — блытаны, па-беларуску путаюць толькі скаціну, ад апошняга прыметнік — спутаны, гэтак, як здохлы (заміж рас. дохлый);

*пытка (172) — катаваньне;

*раздрай (300) — звада, сварка, калатня, нязгода і г. д., і г. д., у Войслава Савіча-Заблоцкага і ў Зізанія яшчэ — разьдзіраньне;

*скрывацца (376) — хавацца, таіцца;

*сугроб (356) — сумёт, гурба;

*супруг (478) — суджанец, відаць, ад суджаны, а не сужонец ад жаніцца, як некаторыя лічаць (гл. Лсл.: 627, 692, 693), у Зізанія — па́ра;

*сьнежная баба (61) — балван, ляпіць балвана;

*укланіст (319) — чыста савецкі партыйны тэрмін, яго ня трэба перакладаць, але яму й ня месца ў слоўніку сынонімаў;

Пра некаторыя «адкрыцьці» Шведава варта сказаць падрабязьней. Вось, прыкладам, плюгавы — гэта запраўды тутэйшае слова, але ў Шведава яно падаецца згодна з расейскай сэмантыкай — як ‘лысы, аблезлы» (9). А насамрэч, і ў старабеларускіх лексыконах, і ў пазьнейшых тэкстах плюгавы — гэта ‘гадкі, шпэтны’ (па-расейску — мерзкий, скверный). Яшчэ больш занядбанае беларускае слова вуйма (205, 462). Аўтар пасьпяшаўся ўтаясаміць яго з расейскім уйма ‘вельмі шмат’. Але расейская мова тут, як і ў іншых выпадках, сярод славянскіх моў становіць хутчэй вынятак, ніж правіла. Спакменьнік вуйма паходзіць ад дзеяслова ўняць ‘адабраць’ (гл.: Ссл., 498), таму традыцыйна — вуйма ‘шкода’, уемны ‘заганны’ (расейскія — ущерб і ущербный). Прр.: А яму яка пастыру караці не дапушчаеце й забараняеце. Зачымся многа сваволенства, злосьці й нядбальства зь немалою вуймаю цэркві Божае... ня множыла (Акты, 1627 г.); Сьветагляд гэты адбіўся ўемна на маральнасьці маіх мысьляў і намераў (Казімер Сваяк). Прр. таксама ў Ссл.: няма яму ўёму ‘няма яму стрыманьня’.

На жаль, слова вуйма гэтак «зацерлася» ў працэсе расеізацыі, што радкі з «Энэіды навыварат» Вікенція Равінскага: Ды грэкі вуйму нарабілі: // Як ляда Трою ўсю спалілі ані ў адным камэнтары не зьясьняюцца слушна. Іх прымяркоўваюць да расейскага уйма ‘вельмі многа’, і радок робіцца нейкім неахайным, каструбаватым (хочацца запытацца: чаго «многа»?). Насамрэч — ГРЭКІ ШКОДЫ НАРАБІЛІ, спаліўшы Трою! Прыраўнаем блізказначныя славянскія адзінкі. Да расейскага ущерб у чэскай мове існуюць адпаведнікі, зусім падобныя да беларускіх: ztrata, šskoda; ujma. А баўгарскае уем ‘плата натурай за памол’ (адсюль — уемен) сягае таго самага сэмантычнага архетыпу. І толькі расейская уйма становіць нейкую анамалію. Зрэшты, там, дзе мыляюцца многія, ніхто не вінаваты. Тут хутчэй бяда Шведава, а не віна. Але аўтар слоўніка, так ці йнакш, падлівае алею ў агонь расеізацыі, беручыся за тое, чаго ён зусім ня ведае.

Татальнае й пасьлядоўнае занячышчваньне мовы расеянізмамі пачалося ня ўчора. Гэта складаны, шматаспэктавы працэс, які за Саветамі, асабліва ў 30-я гады, набыў масавы характар. Засьмечваньне чынілася a) сьведама, дзеля «збліжэньня» «братніх» моў; b) нясьведама, ад нястачы картатэкі, ад нізкае кваліфікацыі ды абыякавасьці да мовы тутэйшых лексыкографаў і c) спарадычна, празь неахайнасьць ці недасьведчанасьць носьбітаў мовы, пісьменьнікаў. Паралельна, асабліва з пашырэньнем пісьменства, парушалася й экалёгія народных гаворак. Той, хто не займаўся лексыкай адумысна, часам нават не падазрае пра маштабы расеізацыі нашых слоўнікаў. На ўсе заганы савецкае пары «хварэе» і «слоўнік» С. Шведава.

Рупіцца пра кожнае беларускае слова, жывучы ў расейскамоўнай атмасфэры, досыць клопатна. Мала таго, кожны расеянізм пры жаданьні можна адбараніць, спаслаўшыся на няўхільнасьць уплываў. Але якая такая жыцьцёвая патрэба можа апраўдаць масавае перайманьне расейшчыны, што практыкавалі й практыкуюць нашыя слоўнікі, асабліва РБсл.? Як можна апраўдаць той неўгамаваны наплыў расеянізмаў, які падсоўвае спажыўцу С. Шведаў пад выглядам сынонімаў? Няўжо беларусы стагодзьдзямі маўчалі, а расейцы кляпалі нам лексыку!? Ці мо’ нашыя продкі рабілі няякасную лексыку, а расейскі «жыватворчы», як казалі ў сталінскія часы, уплыў нас ашчасьлівіў? Няўжо расейскі тэрмін опыт, які Ламаносаў прывёз з Архангельшчыны, лепшы за нашыя досьвед і практыку!?

Урэшце, мы наблізіліся да залом­лівай ролі псэўдасынонімаў, якую тыя могуць адыграць у маўленчай і лексыка­графічнай практыцы. Пакуль мы ня дбаем пра сынонімы, проста шукаем сродкі выказваньня — заўжды можна знайсьці патрэбнае беларускае слова. Але як толькі намі авалодвае «сынанімічная корць», мы пачынаем «узбагачаць» мову, тады на паверхню, бы’ калярадзкія жукі, вылазяць барбарызмы, удаваныя за блізказначныя словы. У сытуацыі расейска-беларускага білінгвізму паміж мовамі аднае групы ўзьнікае пэўная зона дыфузіі, дзе перамешваюцца элемэнты дзьвюх сыстэмаў, так што іх няпроста дэмаркаваць. У гэтай сытуацыі беларуская мова «меншая», а расейская — «большая». «Меншая» мова ня проста папушчае сваёй сэпарцы, яна — хварэе, яна ў прыгнечаным стане. «Большая» мова тут выракуе ўсё: яна ззычвае лексыку, задае словаўтваральныя мадэлі, накідвае сваю эстэтыку.

І «сынонімы», значаньні якіх цалком супадаюць, не збагачваюць мовы, не расквечваюць яе сьвежымі барвамі. Яны паводзяць сябе, як павукі ў шклянцы. Няцяжка здагадацца, каторыя маюць шанцы на перамогу. А С. Шведаў дэманструе цэлы шэраг такіх псэўдасынонімаў, прасьцей кажучы — пустых дублетаў да беларускіх лексэмаў. Навошта выдаваць за сынонімы тыпова расейскія словы *вогніва (145), *жэрла (134), *жэрнаў (134), *крыса (64), *налічка (114), *пытка (172), калі побач ужо ёсьць беларускія крэсіва, жарало, жарон (жарнак), пацук (бац), гатоўка, катаваньне?! Вось узор лінгвістычнае антыўтопіі, пра якую я разважаў напачатку. Не, расейска-беларуская эклектыка, якую блытаюць з сынаніміяй, не фантазія, а шматгадовая рэальнасьць айчыннай лексыкаграфіі. Шведаў не вынаходзіць разгляданае эклектыкі, ён толькі надае ёй брутальную, скрайнюю форму.

Пры нагодзе варта падкрэсьліць: існуе шмат катэгорыяў лексыкі, дзе сынонімы неабавязковыя, непажаданыя, а то й шкодныя. Вельмі небясьпечная сынанімія ў тэрміналёгіі. Калі яна там здараецца, дык мова імкнецца як найхутчэй пазбыцца тэрміналягічных дублетаў, бо тыя задаюць двухсэнсавасьць, зацямняюць выказы. Сузначнікі не заўжды патрэбныя і ў намэнклятуры расьлінаў, жывёлаў. Прыкладам, зусім няма мусу дубляваць найменьні жураў, жораў і журавель, але раз тыя шырока тарнуюцца — даводзіцца цярпець. А што да слова вавёрка, дык ці варта муціць ваду й прапаноўваць яшчэ векша й белка, як гэта робіць аўтар «слоўніка»? (Найлепш, відаць, пакінуць толькі два словы: вавёрка і, як абласное, векша. Дарэчы, усе тры ёсьць і ў М. Клышкі — С. Шведаў заганы Клышкавага слоўніка «ашчадна» захаваў, «узбагаціўшы» іх цэлым шэрагам новых хібаў.) Ведама, у радку Славаміра Адамовіча: Не сьпяшай мая рыжая векша, // на чужое плячо не сьпяшай — мясцовае слова цешыць вока! Але ж трэба адрозьніваць мову й маўленьне, нарматыўныя, дыялектныя й спэцыялізаваныя зборы лексыкі. У тэматычным слоўніку «Жывёльны сьвет» (1999) да вавёркі падаецца больш за дваццаць дыялектных найменьняў. Дык няўжо іх усе трэба тоўпіць у літаратурную мову як сынонімы?

Багацьце мовы — гэта агульнае месца, да якога апэлююць нібыта ўсе. У тым ліку — і С. Шведаў, і аўтар гэтае рэцэнзіі. Але трэба добра ўзважыць, што ж мы даўнімаем пад тым «багацьцем»? Мова багатая ня колькасьцю слоў, а сваімі выяўленчымі мажлівасьцямі. Дарма С. Шведаў кантопіць у свой «слоўнік» усё, што пад руку лучае. Мяшаньне тутэйшае лексыкі з расейскай, гістарычна й сыстэмна чужой, кепска адбіваецца на стылёвых характарыстыках мовы. Лішнімі могуць быць ня толькі словы-дублеты, але й нашэньнікі нехарактэрнае канатацыі.

2.

С. Шведаў у прадмове да свайго слоўніка дакляраваў абмежаваць ужываньне палянізмаў. Але, з усяго відаць, ён ня здолеў выканаць абяцаньня. Вось сьпіс некаторых адзінак польскага паходжаньня, спатыканых у «слоўніку»: амбарас (37), еднасьць (132), збавіцель (107), наогул (213), напой (214), нэндзны (224), обак (227), паліць (326), пекната (261), пекны (261), ружавізна (305), скутак (324), стадола (339), стасаваць, таньчыць (320), файны (261), хцівы (321), забыцца на цябе (136).

Збольшага яны бяскрыўдныя. Некаторыя нават пільна патрэбныя. Але на двух, найшкаднейшых, я спынюся. Няўжо аўтар ня ведае, што дзеясловы паліць ‘курыць’ і таньчыць ‘танцаваць’ — гэта якраз тыя палянізмы, за якія ён упікаў сучасных рэдактараў? Нават беларускія пісьменьнікі ад канца XVII да канца XIX стст., якія выхоўваліся ў польскім асяродзьдзі, іх ніколі не ўжывалі. Вось колькі прыкладаў: Верабей-гаспадар весела танцуе (Д. Рудніцкі); Гарцуй, танцуй, пане, — // Табе хлеба стане (Ф. Багушэвіч); А чы няма ў вас люлькі? // Троху хацеў пакурыць (І. Сьлінка); Баба люльку кура ў хаце, // А мужык пярэ кашулі (Ф. Багушэвіч). Як бачым, нават тут аўтар «слоўніка» мыляецца. Адно што ўкраінізмы ня вельмі трапляюцца, калі не лічыць гець (121), якое час ад часу кідаецца ў вочы.

На слоўнік С. Шведава можна пагля­дзець зь іншага боку: а чаго ў ім няма? Для слоўніка сынонімаў важная якраз яго паўната. І тут выяўляецца, што найхарактэрнейшых беларускіх адзінак, таго «сакавітага пласту», пра які так рупіўся ў прадмове аўтар — мы не знаходзім. Вось сьпіс некаторых сынонімаў, якія так ці йнакш хацелася б убачыць:

аброк да фураж (433); баламут да круцель (185); відаль да краявід (184); вонкавасьць да зьнешнасьць (102); выкладзены да скапец (320); выснова да вывад (101); гайня да зграя (153); гара да акавіта, гарэлка (33); губы да вусны (100); гудзьбіт да музыка (207); дзейка да слых (326); дуронік да балаўнік (61); дуроны да балаваны (60); завод да парода (251); збаўца да выратавальнік (107); зборня да форум (432); знак да стыгма (353); зьнячэвіцца да сканфузіцца (320); існасьць да сутнасьць (363); кірунак да напрамак (214); курдупель да карантыш (172); ледаяк да сяк-так (374); макрыня да макрата (197); навуковец да вучоны (101); навучальны да вучэбны (101); начніцы да бяссоньне (87); нісянеціца да дурасьць (129); нішком да тайком (376); нясон да бяссоньне (87); пазбыцца да выбавіцца (101); пакраса да аздоба (33); панарад да экіпаж (470); парэшткі да мошчы (206); ператрус да вобыск (98); піўніца да піўная (269); покнуць да лопнуць (194); праўнік да заканазнавец (141); рухавы да жвавы (135); ручніца да стрэльба (352); рыгі да рвота (304); стоўпіцца да набіцца (208); страківа да жыгучка (135); строма да круцізна (185); сутоньне да морак (206); труба да смерч (327); трупехлы да збуцьвелы (152); угодкі да гадавіна (111); хараство да пекната (261); цэтлік да ярлык (478); чапляць да кранаць (184); шпуля да намотка (213); шум да пена (261).

Істу рэцэнзаванага слоўніка можна выявіць адным сказам зь Яна Станкевіча: побач із словам беларускім стаіць слова расейскае... Вось некалькі прыкладаў такога кшталту (добрыя беларускія словы, як і раней, вылучаю тоўстым курсывам): аблупіць, ачысьціць (9); ліштва, налічнік (194); навіна, навінка (209); сьвяшчэньнік, сьвятар (227) і да т. п.

Падагульняючы, зацемім: як толькі асымілятараў б’юць па руках, тыя выцягваюць з нафталіну яшчэ адзін аргумэнт, апэлюючы да прагрэсу, маўляў, мова ж «разьвіваецца»! Так і хочацца запытацца, чаго вам так карціць?! Лепш падумайце: ці слушна ўсякую зьмену называць «разьвіцьцём», а не заняпадам? Ці не заборздыя тэмпы «разьвіцьця»? І ці той, які трэба, сэгмэнт мовы падлягае зьменам? Насамрэч ідэя разьвіцьця ня што іншае, як яшчэ адно агульнае месца, выпешчанае ў філязофіі ХІХ ст. Без канкрэтызацыі — гэта пустая балбатня. Калі б у свой час габрэі баяліся карыстаць забытае лексыкі, дык ніколі не адрадзілі б іўрыту. Вольны поступ мажлівы ў тых мовах, якія маюць паўнавартае функцыянаваньне — для нас гэта пакуль што далёкая мара.

3.

У савецкіх слоўнікаў паваеннае пары ёсьць адна цікавая рыса: пры ўсёй сваёй абыякавасьці да аб’екту, г. зн. да беларускае мовы, пры ўсіх расеізатарскіх намэтах, з навукова-фармальнага боку яны выкананыя амаль што бездакорна. Нават Ян Станкевіч пісаў пра РБсл.-53: З гле­дзішча тэхнічнага слоўнік не выклікае зацемкаў.

На жаль, слоўнік Сяргея Шведава нельга ўхваліць і ў фармальным пляне. Даўно ведама, што разуменьне сынонімаў бывае дваякае: 1) як адзінак, амаль тоесных у сваім значаньні, і 2) як слоў сэмантычна блізкіх. Калі б аўтар пайшоў другім шляхам, дык мусіў бы ў кожным артыкуле разгортваць найшырэйшы спэктар мажлівасьцяў, ня грэбуючы ні дыялектнымі, ні старабеларускімі словамі, бо зьбядненьне нашага лексыкону, як ён сам зацеміў, стала чыстаю бядою мовы. Але мы ўжо бачылі, што аўтар не парупіўся, кажучы словамі Коласа, «абшарыць» кішэні калектыўнай памяці й спраты слоўнікаў. Ён узяў толькі сьмецьце расейшчыны, што валялася пад нагамі. А калі пільнавацца першага кірунку ў сыстэматызацыі сынонімаў, дык важна перадусім вытрымаць фармальную дакладнасьць у падборы лексыкі. С. Шведаў і тут намуціў вады. Ягоны «слоўнік» ня проста кепскі — ён небясьпечны, і таму яго на гарматны стрэл нельга дапускаць у школу. Іначай хаос, які існуе ў аўтаравым уяўленьні, як пажар, перакінецца на галовы вучняў.

С. Шведаў не адчувае розьніцы паміж словамі існымі й аказіяналізмамі, якія яму мрояцца. А мрояцца яны, ізноў жа, пад уплывам расейскае моўнае рэальнасьці. Вось некаторыя аўтаравы «вынаходніцтвы», якіх няма ані ў Ссл., ані ў Тлсл., ані ў Бірсл.:

*абярэмя ? (224) — ёсьць толькі бярэмя й абярэмак; *боесутыкненьне ? (264); *брэмзала ? (145); *вазьняк ‘фурман’ ? (60) — ёсьць слова вазак; *вачасты ? (194) — яўна ад рас. глазастый; *дзедчына ? (100) — ёсьць старабеларускае слова дзедзіна, ёсьць сучаснае дзедаўшчына, але зь іншым значаньнем; *лясач ‘балбатун’ ? (60, 61); *мякатны ? (208); *напітаны ? (381) — ад расейскага (стараславянскага) питать; *падхарчунак ??? (280); *пазітуры ? (271); *папоўка ‘духавенства’ ??? (289) — у Ссл. ёсьць толькі завод бульбы з гэтым найменьнем; *плазка ‘кружэлка’ ? (269); *прахадзімісты ? (273); *пустабрэх ? ‘размова’ (61); *расьцярака ? (303) — ад рас. терять; *рыбалоўля ??? (100) — ёсьць толькі рыбалоўства (Тлсл.) і рыбацтва (Ссл.); *слоць (271); *сыскар ? (132) — ад расейскага сыскарь (?), якое — ад сыск; *сьвянцаць (194) — ёсьць толькі сьвеньціць у розных сэнсах; *талмачоўнік ? (326) — ад расейскага толмач ‘перакладнік’; *ухопак ? (224) — ад расейскага охапок (?); *хлёбава ? (61) — таксама нагадвае нешта няўлоўна расейскае; *хмызьнінка (304) — трэба: хмыз > хмызіна > хмызінка.

Такім спосабам некаторыя артыкулы ператвараюцца ў запраўдныя сымулякры. Скажам, артыкул вуджэньне — рыбалоўля, рыбалоўства, рыбалка (100) — ад пачатку й да канца складаецца з трох расеянізмаў і аднаго аўтарскага аказіяналізму. Насамрэч у беларускай народнай мове ёсьць словы рыбак, вудаль і рыбалка — апошняе, таксама — ‘той, хто ловіць рыбу’, у Францішка Скарыны ўжывалася яшчэ рыбнік, ёсьць панятак рыбацтва, што перадае расейскае рыбный промысел, прыкладам: Ён любіць свой талент і талянтуе рыбацтвам даўно, як запамятаць (Я. Лёсік). Але беларус ніколі ня скажа *захапляцца рыбалкай, *хадзіць на рыбалку й да т. п., для гэтых кантэкстаў існуе слова рыба, прыкладам: Яўхім зноў чэша на рыбу... (Я. Лёсік); З рыбы прыходзіць татулька позна, увесь мокры, галодны (Я. Лёсік). Тут навідавоку свая сыстэма, свая лёгіка — нейкае жывое хараство. Нашыя продкі казалі: хадзіць на рыбу або хадзіць на зьвера... А таго, хто ходзіць на рыбу, яны называлі рыбак, рыбалка. Таго, хто ходзіць на зьвера — лавец. Пазьней, у шляхецкім асяродзьдзі, зьявіліся словы паляваньне, паляўнічы, паляўнік. А «рыба» — занятак мужыцкі (для паноў жа — прыватна-індывідуальны) — так і засталася «рыбаю».

З сумам даводзіцца канстатаваць, што словатворцы, як вавёрка ў коле, круцяцца ў чужых моўных мадэлях, ня могучы анікуды ўцячы ад мовы-асымілятаркі. Кажучы прасьцей — нельга выдумаць нічога лепшага й арыгінальнейшага за тое, што само ўзьнікла ў выніку доўгай моўнай практыкі беларускага этнасу. Трэба не выдумляць, а вывучаць: тэксты з гісторыі мовы, услухоўвацца ў рэшткі народных гаворак, аддаваць дзяцей на «дзядзькаваньне» да бабы й дзеда, калі тыя яшчэ жывыя. Да чаго даводзіць выдумляньне — відаць ня толькі з практыкі С. Шведава.

Найболей зьдзівіў мяне аўтар слоўніка тым, што ў сынанімічны шэраг ён «жыў­цом» уставіў лексычныя адзінкі, якія ніхто й ніколі не маніўся залучаць у сыстэму беларускае мовы:

*лінгва ‘мова’ ??? (205); *урсус ‘мядзьведзь’ ??? (208); *тыфозі ‘заўзятар’ (61); *курыкулюм вітэ (мед.) ‘жыцьцяпіс’ ??? (39); *крыкет ‘запальнічка’ ? (145) і да т. п.

Вось да чаго даводзіць сынанімічны імпэт! Цяпер мы будзем казаць: «На якой лінгве ты гаворыш?» Або: «У лесе вядуцца урсусы». Думаю, наступным крокам будзе асваеньне рэсурсаў кітайскае, папуаскае, эскімоскае і іншых моў. Тады мы будзем мець найбагацейшую ў сьвеце беларускую мову! А калі сур’ёзна, дык С. Шведаў, відаць, зусім не разумее, у чым палягае розьніца паміж апрычонымі моўнымі сыстэмамі.

Аўтар «слоўніка», з усяго відаць, так упэўнены ў собскіх ведах, што некаторыя словы нават ня спраўджвае ў лінгвістычных даведніках, а ў выніку — падсоўвае свайму чытачу шэраг недакладнасьцяў і нават абмылаў:

гак (194) — ня ‘лішніца’ (фразэалягізм — з гакам), як уяўляецца аўтару, а ‘крук’ (адсюль, дарэчы, паходзіць від даўнейшае зброі — гакаўніца); выжал і ганчак (103) — гэта розныя заводы сабак, дык яны ня могуць быць сынонімамі; вызваліцель — ‘той, хто вызваляе’, а вызваленец — ‘той, каго вызваляюць’, (103) — гэта ніяк не сынонімы (у Тлсл. яны падаюцца супярэчліва); гермафрадыт і бісэксуал (114) — усё ж розныя рэчы; глябалізацыя і ўнітарызацыя (115) — могуць разглядацца хіба як кантэкстуальныя сынонімы; пілігрым ‘вандроўнік’ і хаджы (а не *хаджа) ‘пачэсны тытул былога паломніка ў Мэку’ (268) — таксама не зусім сынонімы.

Найболей аўтара падводзяць паронімы:

авечка — ярачка, а ня «ясачка» (478), а ясачка — ‘іскра’; канон ‘правіла’ і *канун ‘пярэдадзень’ (169) — далёка ня тое самае, як мроіцца аўтару (апошняе слова яшчэ й расеянізм); катастрофа ‘разбурэньне’ і катарсіс ‘ачышчэньне’ (184) — ані пры якіх абставінах ня могуць быць сынонімамі. Урэшце, слова *цікаць ‘уцякаць’ (128) у беларускай мове няма — ёсьць толькі цікаваць ‘сачыць’.

Характэрная адметнасьць слоўніка Шведава ў тым, што роды й віды аўтар зьляпляе ў нейкае невыразнае месіва, і, бадай ніводзін відавы шэраг ня мае належнае паўнаты, прыкладам:

бактэрыя — мікроб, бацыла, мікра­рганізм, сьпірахета; вуда — вудзі­лішча, вудачка, сьпінінг; вулей — калода, пчаліная хатка, борць (а буда — «сабачая хатка»? хлеў — «скацінная хатка»!? — Ю. П.); монатэіст — праваслаўны, католік, магамэтанін, іудзей; раўчук — раўчак, ручай, ручаіна, рачулка; раўчавіна, равок, канава, канал, арык; сіняк — кровападцёк, сінюшнасьць, сьлед, драпіна, пабоі; слоўнік — тэзаўрус, гласарый, талмачоўнік; смарагд — ізумруд, хрызаліт;

Любосна-памяншальныя формы аўтар таксама дае як сынонімы, ня могучы заразом нават набраць больш-менш поўнага шэрагу: журавель — жураўлік; пісьмо — пісямко, пісямцо; скаварада — скавародка; сьмерць — сьмертухна.

За сынонімы йдуць нават правапісныя й марфалягічныя варыянты: іуда — юда; сілай — сілаю.

Каб чытач меў як мага больш поўнае ўяўленьне пра тую эклектыку, якая пануе ў «слоўніку» С. Шведава, прапаную выбарку артыкулаў:

аблада — улада, уплыў; уладаньне, прыналежнасьць, здабытак; анамнез — курыкулюм вітэ, жыцьцяпіс, гісторыя захворваньня; здавальняюча — пасрэдна, тройка, тры; капыт — копыт, капыток, падкова (??!); педэраст — гомасэксуаліст, педафіл, гей, галубы; сынкрэтызм — зьлітнасьць, нерасчлянёнасьць, еднасьць; юр — страсьць, лібіда, сэксуальнае шаленства...

А надуманыя аўтаравы прыклады вартыя толькі гумарыстычнага часопісу, але не даведніка, адрасаванага школьнікам:

Набычыўся нібы сугней якісь... (357); Смурод смяцярніка... (327); Друзы смарагдаў... (326); Расхістаныя погляды... (303); Расцярушыў дашчэнту табаку... (303); Расшкуматаць, як Тузік грэлку... (303); Расхапіць рукі... (303); Як «траўкі» абкурыўся... (9); Артаганальны аблом дэталі... (9); Батарэя піўных бутэлек... (64); Каўкаскі акцэнт... (36); Маятнік вагаўся, як шалёны... (88); Мініяцюра адлюстроўвае даенне анагра... (38); Поўны анамнез... (39); Людзі абавязкова апалошчуць гучнае імя... (41); Атрымалі нязгоду кіраўніцтва... (225); Рабочы орган станка... (227); Счахлыя вочы... (372); Выбавіцца з калюжыны... (101); Судзейскія валакітчыкі... (357); Не судзіце — не судзімы застанецеся... (357); Гарэлка стукнула ў галаву... (352); Стушыць марныя думкі... (353); Сустракаюцца пакуль яшчэ крымінальныя з’явы... (363); Не мужык, а азіят (?!) нейкі... (33); Дыктар-заіка... (140); Зацугляць рабсілу... (150); Камлюкаватая камплекцыя... (168); Кокнуць кока... (182); Каб стары хрэн не перашкодзіў... (442); Сабачы кал на дарозе... (165).

А вось адзін з прыкладаў, варты камэнтару: Благаславенне ад бацюхны... (72). Аўтар расейскую любосную форму на -юшка (батюшка) пераклаў нібыта слушна: бацюхна. Але ён не ўлічыў, што, згодна зь ягоным жа кантэкстам, перад намі не любосная форма, а асобнае слова. Дык яно, паводле савецкіх нормаў, не перакладаецца зусім і пішацца бацюшка. Паводле Я. Станкевіча тут трэба было б ужыць татулька. Мне ж падаецца, што найлепшым адпаведнікам будзе войчанька, прыкладам: Ня гневайся, войчанька (К. Жэра); А сколькі ж дзякла, войчанька, возьмеця за вянчаньне. (Празарокі Віл. п. (Лсл.)). А пад тое, трэба нагадаць, што беларускія любосныя формы на -ухна (-юхна) тарнуюцца абмежвана, пераважна ў зваротах, як слова спадар. Яны «ня любяць» трэцяе асобы, а калі і ўжываюцца ў трэцяй асобе, дык у прытомнасьці самога аб’екта гаварэньня. Тым часам расейскія формы на -ушка — ня маюць функцыянавальных абмежаваньняў.

У выдуманых, ненатуральных аўтаравых прыкладах разгляданыя вышэй расеянізмы падаюцца вульгарнейшымі, чым ураздроб:

4.

На заканчэньне яшчэ раз зьвернемся да прадмовы. С. Шведаў, апраўдваецца: «Ён (слоўнік — Ю. П.) наўмысна пазбаўлен акадэмічнасці з мэтай лепшага ўспрымання»... Як той казаў, ведае кот, чыё сала зьеў!

* * *

Шведаў, С. М. Слоўнік сінонімаў беларускай мовы. —

Мінск: «Сучаснае слова», 2004. — 480 с. Наклад 5100 ас.

Скароты:

Бірсл. — Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / Пад рэд. М. Бірылы. — Мінск, 1987.

Лсл. — Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — Коўна, 1924.

РБсл. — Русско-белорусский словарь. В 2-х т. Т. 1—2. — Минск, 1982 (інш. выд. 1953).

Сс. — Сіноніма славена-роская // Старабеларускія лексіконы. — Мінск, 1992.

Ссл. — Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, [1990].

Тлсл. — Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5-і т. Т. 1—5. — 1977—1984.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?