Дырэкцыя па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года абавязана застрахаваць мерапрыемства ад стратаў у выпадку адмены ці байкоту.

Такая мера ўтрымліваецца ва ўказе прэзідэнта ад 13 верасня № 430 аб унясенні дапаўненняў ва ўказ ад 16 студзеня 2012 года № 28 «Аб некаторых пытаннях правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску». «Дырэкцыя па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года абавязаная заключыць са страхавой арганізацыяй — рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дагавор страхавання стратаў (страты прыбытку) дырэкцыі, Міжнароднай федэрацыі хакея і (або) кампаніі Infront Sports & Media AG у выпадку адмены, байкатавання ці пераносу тэрмінаў правядзення чэмпіянату з-за форс-мажорных акалічнасцяў як на сваю карысць, гэтак і на карысць Міжнароднай федэрацыі хакея і (або) кампаніі», — гаворыцца ў дакуменце, тэкст якога апублікаваны на Нацыянальным прававым партале Рэспублікі Беларусь.

Мінгарвыканкаму даручана зрабіць «захады, скіраваныя на выключэнне неабгрунтаванага росту цэн на паслугі гатэляў і паслугі арганізацыяй і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца грамадскім харчаваннем, у перыяд правядзення чэмпіянату».

Мінгарвыканкам таксама павінен забяспечыць арганізацыю бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце (апрача таксі) асоб, акрэдытаваных для ўдзелу ў чэмпіянаце.

Апрача гэтага гарадскім уладам даручана аказаць падтрымку дырэкцыі чэмпіянату «ў выглядзе давання ў бязвыплатнае карыстанне на час правядзення чэмпіянату ў перыяд з 25 красавіка па 31 мая 2014 года спартыўных збудаванняў, што знаходзяцца ў аператыўным упраўленні дзяржаўнай установы «Шматпрофільны культурна-спартыўны комплекс „Мінск-Арэна“, і спартыўных пабудоў культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу, які будуецца ў жылым раёне Чыжоўка ў Мінску, а таксама ў выглядзе вызвалення дырэкцыі ад аплаты паслуг, звязаных з атрыманнем у карыстанне згаданых спартыўных збудаванняў».

Указ вызваляе ад выплаты ПДК абароты кампаніі Infront Sports & Media AG, якая займаецца прыцягненнем афіцыйных партнёраў і рэкламай у межах чэмпіянату свету па хакеі.

Нагадаем, з заклікамі перанесці ЧС па хакеі 2014 года з Беларусі ў іншую краіну неаднаразова выступалі заходнія палітыкі, дэпутаты Еўрапарламента і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ў сувязі з наяўнасцю палітзняволеных і пастаяннымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?