Беларусь уводзіць часовыя абмежаванні на ўвоз птушкі з Ізраіля. Адпаведнае ўказанне 16 верасня падпісаў намеснік галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Аляксандр Куцко.

У прыватнасці, з 17 верасня ўводзіцца абмежаванне на ўвоз з Паўднёвай акругі Ізраіля жывой птушкі, інкубацыйнага і жывога яйка, мяса птушкі, усіх відаў птушкагадоўчай прадукцыі і прадуктаў яе перапрацоўкі, пуху і пяра, кармоў і кармавых дадаткаў жывёльнага паходжання.

Як паведамляе дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу, гэта рашэнне прынята ў мэтах недапушчэння заносу ў Беларусь узбуджальніка хваробы Ньюкасла, выпадак якой зарэгістраваны на тэрыторыі Ізраіля.

Хвароба Ньюкасла (псеўдачума птушак, ці азіяцкая чума птушак) — вострае інфекцыйнае віруснае захворванне птушак, якое характарызуецца пнеўманіяй, энцэфалітам і шматлікімі кропкавымі гемарагічнымі паражэннямі ўнутраных органаў.

Захворванне ўяўляе вялікую пагрозу свойскай птушцы ў сувязі з яе высокай адчувальнасцю да вірусу. Пры вострым працяканні хваробы Ньюкасла смяротнасць сярод маладняку дасягае 100%, а кураняты, якія перахварэлі, дрэнна растуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?