БелТА

БелТА

Нельга ўводзіць выязную пошліну абсалютна для ўсіх. Такое меркаванне выказала старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова сёння падчас анлайн-канферэнцыі і прамой тэлефоннай лініі ў БелТА.

«Трэба пралічыць, для каго менавіта ўводзіць гэтую пошліну. Для тых, хто мае дадатковы даход і не плаціць з яго падаткі, яна, можа быць, і патрэбна. Але гэта трэба пралічыць. Адназначна да гэтага пытання падыходзіць нельга», — адзначыла Надзея Ермакова.

Прапанова ўвесці пошліну беларусаў, якія выязджаюць за мяжу на закупы, прагучала з боку Лукашэнкі ў час наведвання ААТ «Мотавела» 6 верасня.

«Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да $3 млрд у год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і прывозяць барахло, якое мы таксама выпускаем», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Дык вось я даўно даручыў, аж да таго, што выязджаеш за межы, усё роўна за чым, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — $100 з носа плаці і едзь за мяжу», — сказаў у пятніцу Аляксандр Лукашэнка.

11 верасня віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч падчас прамой лініі ў газеце «Рэспубліка» заявіў, што пытанні, якія тычацца ўвядзення пошліны для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, плануецца адпрацаваць на працягу бліжэйшага месяца — паўтара. Пры гэтым выязная пошліна не павінна закрануць турыстаў.

Ідэю ўвесці пошліну падтрымаў кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

«Падатак — гэта таксама ж прадыктавана інтарэсамі большасці. Не ўсе з’язджаюць кудысьці… Гэта не з'яўляецца ушчамленнем, калі гэта будзе. Гэта не будзе ушчамленнем мільёнаў грамадзян, а гэта будзе дадатковы падатак, у тым ліку на грамадскі транспарт. У нас самы танны грамадскі транспарт, калі браць на ўсёй тэрыторыі ад Далёкага Усходу да Францыі», — заявіў кіраўнік Мінгарвыканкама.

Ён лічыць, што прапанова кіраўніка дзяржавы [браць 100 даляраў за выезд] прадыктавана жаданнем абараніць айчынных вытворцаў: «Мы зарабляем няпроста, нам няпроста даюцца гэтыя магчымасці, і гэта адлюстроўвае інтарэсы большасці… Кіраўніцтва многіх дзяржаў праводзіць палітыку абароны ўнутранага рынку і падтрымкі ўласных вытворцаў», — адзначыў кіраўнік Мінгарвыканкама.

«Для таго каб зрабіць высновы, хто, куды і навошта едзе, трэба паглядзець не аднабока. Параўнаць з развітымі краінамі і рабіць высновы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?