«Толькі што выйшла кніга Сяргея Навумчыка „Дзевяноста першы“. Гэта вельмі добрая падзея, бо кніжка прысьвечаная вельмі важнай зьяве ў нашай гісторыі — фактычна найвялікшай, якая была за апошнія 200 гадоў акупацыі. Гэтая зьява называецца здабыцьцё незалежнасьці Беларусі.

Важна тое, што яна напісаная ўнутры падзеяў, чалавекам, які быў сам удзельнікам гэтага працэсу здабыцьця незалежнасьці. Сяргей Навумчык быў адным з трох каардынатараў дэпутацкай апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Каштоўнасьць гэтай кніжкі ў тым, што, з аднаго боку, паказаныя асабістыя перажываньні, асабістае бачаньне чалавека, які прайшоў праз усё гэта, праз гэтыя канфлікты, гэтую барацьбу. А з другога боку — кніга заснаваная на дакумэнтальным матэрыяле, на фактах, дакумэнтах і характарызуецца добрым палітычным аналізам. Гэта вельмі істотна.

Я толькі нядаўна адкрыў добрую якасьць у Сяргею Навумчыку, калі быў у яго ў Празе і заўважыў, што ў яго ў вельмі добрым парадку архіў. У яго ўсё раскладзена, у яго ўсё ёсьць.

Мяне гэта крыху зьдзівіла, бо ў мяне архіў не ў парадку. Няма часу, трэба гнаць коней. Дык вось прыпамінаю, што калі ў нас былі нейкія паседжаньні, нейкія падзеі, Сяргей заўсёды запісваў, вёў пратакол, і ў гэтай кнізе гэта вельмі спатрэбілася.

І апошняе, што я хацеў сказаць: мы перажываем цяжкі час, і па гэтай тэме людзі стараюцца не пісаць, а тыя, хто піша, яны пішуць фальсыфікацыю альбо нянавісьць. Гэтае афіцыйнае пісаньне — проста яны ня ведаюць, што пішуць, дый што яны могуць напісаць, па якіх матэрыялах? І вось у гэтым сэнсе зьяўленьне гэтай кніжкі ёсьць вельмі вялікай падзеяй для нашай культуры і нашай гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?