Наталля Герман.

Наталля Герман.

Віцэ-прэм’ер і міністар замежных спраў Малдовы Натальля Герман папрасіла Вашынгтон «інтэнсыфікаваць» палітычныя і эканамічныя дачыненьні з Кішынэвам, каб дапамагчы Малдове супрацьстаяць «зьнешняму ціску».

Натальля Герман выступала 18 верасьня ў Эўрапейскім інстытуце ў Вашынгтоне на канфэрэнцыі, прысьвечанай Усходняму партнэрству і памкненьню постсавецкіх краінаў да дэмакратыі, паведамляе радыё «Свабода».

Са словаў Герман вынікала, што дапамога ЗША патрэбная Малдове і таму, што сам Эўразьвяз ня ў змозе зьняць усе перашкоды на шляху постсавецкіх краінаў да эўрапейскай інтэграцыі.

У гэтым кантэксьце яна згадала нядаўняе рашэньне Армэніі, таксама ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства, далучыцца да інсьпіраванага Масквой Мытнага саюзу: «Краіны Ўсходняга партнэрства вельмі розныя — яны розьняцца памерамі, геаграфічным месцазнаходжаньнем і колькасьцю насельніцтва ды, што самае важнае, сваім жаданьнем правесьці дэмакратычныя рэформы і трансфармавацца.

Адзіны падыход да нас усіх — непрадуктыўны. Дарэчы, апошнія падзеі ў Армэніі, я баюся, выразна паказалі, што рэгіянальны падыход Эўразьвязу ва Ўсходнім партнэрстве пацярпеў жорсткую паразу», — заявіла Герман.

У гэтым месяцы Расея забараніла імпарт малдаўскага віна, што аналітыкі ацэньваюць як пакараньне, якое Масква наклала на Кішынэў за яго прасоўваньне на шляху да падпісаньня пагадненьня аб свабодным гандлі з Брусэлем.

Нагадаем, што таксама ў гэтым месяцы прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін папярэдзіў Украіну аб прыняцьці адпаведных эканамічна-гандлёвых захадаў Мытным саюзам у выпадку, калі Кіеў падпіша з Брусэлем пагадненьне аб свабодным гандлі.

Выступаючы на згаданай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, віцэ-сьпікэр літоўскага парлямэнту Пятрас Аўштравічус заклікаў міжнародную супольнасьць супрацьстаяць ціску Масквы на краіны-ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства: «Я хацеў бы папрасіць усе эўрапейскія краіны і эўрапейскія інстытуцыі заставацца пільнымі і моцнымі ды дапамагчы Малдове, каб яна змагалася з гэтымі правакацыямі з боку Масквы не адна. У іншым выпадку мы ўбачым тое, чаго ня хочам бачыць, і прыкладам гэтаму — Армэнія», — сказаў Аўштравічус.

Як іншы прыклад непажаданага разьвіцьця падзей, літоўскі палітык назваў Беларусь:«Беларусь ніякім чынам не зьяўляецца партнэрам ні Эўразьвязу, ні трансатлянтычнай супольнасьці. Гэта самаізаляваная краіна, кіраваная дыктатарам, якая, верагодна, хоча рабіць нейкія прынагодныя рэчы з Эўразьвязам, аднак не выяўляе ніякай зацікаўленасьці ў дэмакратызацыі і далучэньні да агульнаэўрапейскіх структураў», — сказаў Аўштравічус.

Пра ціск Расеі на краіны-ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства гаварыў і камісар Эўразьвязу Штэфан Фюле на пленарным паседжаньні Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры 11 верасьня.

У сваім выступе Фюле падкрэсьліў, што сяброўства ў Мытным саюзе, які цяпер уключае Расею, Беларусь і Казахстан, несумяшчальнае з «глыбокімі і ўсёабдымнымі зонамі вольнага гандлю», перамовы пра стварэньне якіх Брусэль вядзе з Украінай, Малдовай, Грузіяй і Армэніяй.

Тым ня менш ён дадаў, што Эўразьвяз мае намер супрацоўнічаць з Мытным саюзам, каб падцягнуць яго нормы і стандарты да міжнароднага ўзроўню.

Агенцтва навінаў Беларускага тэлебачаньня, паводле прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску, дапусьціла інфармацыйную маніпуляцыю, паведаміўшы, што, паводле Фюле, «Эўразьвяз у першую чаргу зацікаўлены ў традыцыйна моцных сувязях сваіх усходніх партнэраў з Масквой.

Эўракамісар таксама дадаў, што Брусэль акажа Мытнаму саюзу дапамогу ў выраўноўваньні стандартаў і нормаў у адпаведнасьці з эўрапейскім і сусьветным заканадаўствам».

Пра заяву Фюле аб несумяшчальнасьці сяброўства ў Мытным саюзе і ўдзелу ў зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам БТ прамаўчала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?