Чакалася, што менавіта фігура Вітаўта стане цэнтральнай для звароту сучаснай беларускай культуры да эпохі ВКЛ. Відавочная была і патрэба ў стварэнні балета з нацыянальным каларытам. Калі для оперы ў мінулым годзе такім опусам стала «Сівая легенда», то балетны рэпертуар у гэтым дачыненні быў цалкам пусты. Што ж атрымалася?

Фота Нацыянальнага тэатра оперы і балета.

Фота Нацыянальнага тэатра оперы і балета.

Паспрабуем найперш разабрацца з нацыянальна гістарычным складнікам, які ўсё ж, напэўна, мусіў быць у гэтым спектаклі. Беларуская мова адсутнічае, уся суправаджальная прадукцыя на рускай мове, на англійскую мову назва балета перакладаецца як Vitovt (Vitovtas). Гэта ўжо поўная недарэчнасць, нават калі не казаць пра спробу падыграць літоўцам.

У сцэнаграфіі поўнасцю адсутнічаюць любыя сімвалічныя адсылкі да эпохі ВКЛ — няўжо нельга было звярнуцца да багатай і насычанай іканаграфіі гэтай эпохі, а не ствараць абсалютна тэатральнанадуманыя вобразы? Адзіны раз толькі пры адлюстраванні кракаўскага Вавеля прысутнічае штандар з белым арлом, ды і то, абрэзаны на палову. На выявы «Пагоні» і не спадзявайцеся, хоць і для Ягайлы гэты сімвал быў не менш сваім.

Замест яркай і трагічнай гісторыі Вітаўта прапануецца звычайная меладрама, героямі якой маглі быць абсалютна іншыя персанажы, без усялякай згубы сэнсу. Барацьба паміж Вітаўтам і Ягайлам пачынаецца сярод купальскіх паганскіх абрадаў ушанавання Леды. Не зразумела, праўда, чаму літвіны падчас Купалля ўшаноўваюць грэцкую багіню, добра, што хоць не робяць крывавыя ахвярапрынашэнні Зеўсу.

Пры добрай музычнай аснове атрымалася відовішча, якое так і хочацца назваць антыгістарычным балетам, да таго ж, пры вельмі сумнеўных эстэтычных вартасцях.

Аляксей Ластоўскі — кандыдат сацыялагічных навук, спецыяліст у галіне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0