Фота Юліі Дарашкевіч
Сёння раніцай са спецпрымальніка на Акрэсціна вызвалілі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Дынько. Журналіст прабыў за кратамі 10 сутак. Каля ўваходу яго сустракалі некалькі дзесяткаў чалавек - блізкіх, калегаў, аднадумцаў, чытачоў.
Выпускаюць вязняў прыкладна ў той самы час сутак, калі затрымлівалі: да прыкладу, Дзмітрыя Гурневіча (карэспандэнт Радыё «Палонія») вызвалілі сёння ўначы, а А. Дынько - каля 11-й раніцы. Яго з’яўленне ў дзвярах спецпрымальніка суправаджалася гучнымі апладысментамі.
Перш чым паехаць дахаты, журналіст крыху пагутарыў з сабранымі, падзяліўшыся ўражаннямі ад знаходжання ў вязніцы. «Напэўна, больш за ўсё запомніцца тое, што я гэтыя ночы спаў на лаўцы шырынёй 28 см (мы змерылі запалкавай каробкай), так што трэба было спаць і трымацца рукой за край стала, каб не ўпасці», - з усмешкай узгадаў Андрэй Дынько.
Ён параіў тым, чые блізкія ўсё яшчэ застаюцца за кратамі, перадаваць ім больш газет, бо кожны асобнік перадаюць з камеры ў камеру і зачытаваюць «да дзірак». Увогуле ж, з яго словаў, пад канец «тэрміну» за кратамі было не так ужо і кепска: «Вы-та, напэўна, напакутаваліся тут: на вас на многіх твару няма... А там - напачатку, канешне, цяжка было псіхалігічна,бо не ведаў, што далей будзе. А пад канец быў суцэльны смех і гумар...»
У сённяшнім нумары «Нашай нівы» змешчаны цэлы артыкул Андрэя Дынько на гэтую тэму, напісаны за кратамі. . Журналісты выдання, якія сустракалі свайго рэдактара ля Акрэсціна, прынеслі некалькі асобнікаў газеты з сабою, і ў чаканні А. Дынько людзі чыталі яго нататкі проста перад брамаю спецпрымальніка.
Дарэчы, разам з ім у камеры сядзеў і журналіст «Белорусы и рынок» Вадзім Александровіч, які выходзіць на волю сёння пасля 16.00.
Каля спецпрымальніка прэс-служба БАЖ апытала некалькіх калегаў А. Дынько, папрасіўшы выказацца на тэму масавага затрымання і зняволення журналістаў пад час веснавых акцый пратэсту.
Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар газеты «Салідарнасць»: «Шчыра кажучы, я думаю, што тады на Кастрычніцкай плошчы хапалі не рэдактара «Нашай нівы» (хаця я магу памыляцца), а проста чалавека, які відавочна скіроўваўся падтрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту. Калі б гэты «канвеер» працаваў хоць з нейкай думкай, то маглі б Андрэю прышпіліць, да прыкладу, «удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту»... Але, як яны ўсіх бралі за лаянку - так пайшоў і Дынько. Хаця мне лягчэй паверыць, што брыдкасловіў глуханямы, чым Андрэй...»
Аляксей Шэін, прэс-група А. Мілінкевіча (нагадаем, што гэты журналіст таксама нядаўна выйшаў з Акрэсціна пасля 5 сутак арышту): «Пад гэтую татальную зачыстку трапілі журналісты як актыўная паводле свайго прафесійнага абавязку частка беларускага грамадства. З іншага боку, для міліцыянтаў, для тых людзей, хто затрымліваў, для суддзяў не было рэзонаў адпускаць чалавека ці даваць яму менш «сутак», калі яны даведваліся, што гэта - журналіст. Гэта гаворыць пра тое, што «канвеер» падмяў пад сябе ўсе прафесіі: і калі ты да іх патрапіў, тваё журналісцкае пасведчанне цябе не выратуе...»
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»