21.09.2013 / 10:16

Вярніце Купалу ў Бараўцы! 3

Піша Уладзімір Содаль.

У ліпені мне выпала правіць здароўе ў Бараўлянскім вайсковым шпіталі імя Машэрава. Дыягназы самыя разнастайныя: тут і арытмія, і ціск, і дыябет... А самае галоўнае — я з малых гадоў інвалід па зроку.

Правае вочка пасля кансультацый знанага маскоўскага афтальмолага Фёдарава мне выдалілі... Адным словам, гады, хочаш не хочаш, а робяць свае сляды. Але ёсць у мяне і пакуль не загоеная духоўная рана.

Побач з Бараўлянамі, каля Вячы, ёсць адзін куточак — Бараўцы. У свой час, у 1904—1909 гадах, гэты кут прывабіў сям’ю Луцэвічаў, і яны ўзялі яго ў арэнду.

Тут Купала прычакаў сваю першую паэтычную кніжку «Жалейка», напісаў шэраг класічных твораў: «Адвечную песню», «Шэпчацца явар з калінаю».

Па сутнасці, Бараўцы — першае Купалава літаратурнае гняздо. Тут ён стаў Беларускім Песняром.

Амаль усе куточкі Зямлі, дзе толькі ступала Купалава нага, ушанаваныя. I толькі Бараўцы побач з Мінскам, з сталіцай Беларусі, абдзелены ўвагай.

Гэта дакор не толькі мясцовай уладзе, але ўсёй творчай інтэлігенцыі. Маглі б узяць Бараўцы пад апеку і самыя блізкія ад іх школы — Дубаўлянская, якая цяпер у Бальшавіку, колішнім Кажухаве, і Папярнянская.

Кажуць: «Дык нічога ў Бараўцах не ацалела з Купалавых часоў». Так, ні забудовы, ні якіхсьці іншых прыкмет колішняга фальварка.

Але дакладна вядомы той пагорак, на якім месцілася арандаваная Луцэвічамі сядзіба пані Стралкоўскай. Ацалелі і краявіды, якія атулялі колішнюю сядзібу з азярком­лугавінай.

То хоць бы на ўскрайку таго пагорка пасадзіць дрэва, якое колісь апеў Купала — явар. Яго так не стае ў Бараўцах.

А пры явары тым — і каменьчык якісь паклалі б. І нядорага было б. І заўсёды была б згадка пра Янку Купалу ў Бараўцах.

Уладзімір Содаль

0
Dzianis / Адказаць
21.09.2013 / 10:55
У дачным таварыстве Купалінскае у Бараўцах на адной з дзялянак стаіць дуб. Калі я быў малы ён стаяў проста пасярод поля. Яшчэ тады людзі казалі, што гэта дуб пад якім Купала пісаў свае вершы. Гадоў дзесяць таму побач з дубам згарэў дом. Дрэва таксама абгарэла але ўсё ж ачуняла і мне здаецца прастаіць яшчэ не адну сотню год. Вось вам і Помнік Купалу:) у Купалінскім дачным таварыстве.
0
Кнехт / Адказаць
22.09.2013 / 20:29
ВЯРНІЦЕ КУПАЛУ Ў ШКОЛЫ! Каб жыць на Зямлі нацыяй, Каб ведалі нас наўкола, Не пічкайце дзетак эрзацамі - Вярніце Купалу ў школы!
0
БНР / Адказаць
28.09.2013 / 01:09
Выбачайце, але тым дубаўлянцам и папярнянцам ніякай справы няма да ўшанаваньня Купалы!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру