Пасцябаліся з выязнога мыта і яго вынаходніка, павылучалі розных версіяў, а на галоўнае пытанне забыліся: чаму менавіта 100 даляраў? Нехта ж, мусіць, вылічваў дакладную лічбу — чухаў патыліцу, моршчыў лоб, абліваўся потам...

Сапраўды, гэта ж трэба было падлічыць, колькі ў краіне шопаголікаў, колькі разоў на тыдзень гойсаюць туды-сюды... А галоўнае — колькі дзяржаве не хапае грошай, каб не абрынуцца ў прорву. Мо тых самых $3 мільярдаў, што, паводле Лукашэнкі, засталіся ў «Акропалісе» ды іншых заходніх гіпер… і супер…

Асабіста мне жыцця не хапіла б, каб зрабіць гэткі падлік. Але ж ёсць у нас геніі эканомікі, адзін Пракаповіч чаго варты. Мо ён і лічыў? Вось жа сказаў як адрэзаў: месяц-паўтара. Я так разумею, што паўтара на ўсялякі выпадак — а раптам падскочыць нараджальнасць і спатрэбіцца пералік?!

Чытач, мусіць, вырашыў, што я таксама не ўстрымліваюся ад сцёбу. Не, я вельмі сур’ёзна, нават пакаянна. Бо не аднойчы сам спрычыняўся да разбурэння айчыннага рынку, наносіў дзяржаве дасюль не падлічаную шкоду. Аж тры разы…

Першы — у кастрычніку 1989, калі на пачатку бабінага лета мы са Славам Дубінкам памкнуліся ў Польшчу на ралі журналістаў Еўропы. Ну, пра ралі — калі- небудзь. А зараз пра бэбахі, як называў іх Слава. То бок розныя побытавыя прылады, якія, па чутках, мелі вялікі попыт у тагачаснай Польшчы.

Якое ралі?! Ні я, ні Слава ніколі не былі аўтагоншчыкамі. Атрымаўшы прапанову Саюза журналістаў, са зразумелай ахвотай паехалі ў краіну, якая толькі-толькі выблыталася з камуністычнай няволі. На тое, вядома, патрэбны грошы, зарабіць іх можна продажам згаданых прылад. Так нам здавалася. Ведаючы пра недасягальны Славаў вопыт вандроўніка, я спытаў у яго, ці прадаваў ён такім чынам хоць што. Адказу не пачуў, толькі нейкі ўсмешлівы гук, маўляў, не хвалюйся, усё будзе чын-чынаром... Дасюль памятаю, як поўзаў па «Волзе» мытнік, пакуль я не тыцнуў яму ледзь не ў твар пасведчанне тады яшчэ ўсесаюзнай газеты «Труд». Непрыгожа, але што было рабіць?!

Тагачасная Польшча кінулася ў вочы крамай пры дарозе, у якой не было нічога, акрамя гумавых ботаў; іржавым легкавіком «Паланэзам», да якога былі прычэплены сялянскія, на гумавых колах, калёсы, з верхам набітыя старой цэглай; доўгімі чэргамі да бензазаправак… Тут нам трохі пашанцавала, і мы здолелі «ўцюхаць» каністру паліва, нават не далі сябе абдурыць. А вось з бэбахамі…

Не, пра бэбахі трошкі пазней. А зараз пра шкарпэткі.

Тая прыгода адбылася недзе ў сярэдзіне 1990-х, калі галоўны рэдактар згаданай газеты заўважыў на шкарпэтках чальцоў рэдкалегіі дзіркі...

Дзіркі дзіркамі, але на той час ужо існавала дзяржаўная забарона — не, не ўвозіць — вывозіць з Беларусі амаль усё. А тут паспрабуй, вывезі ў Маскву некалькі вялізных скрыняў са шкарпэткамі, бо рэдкалегія ці не самай тыражнай у свеце газеты вырашыла назапасіць іх на гады. Мяжы, вядома, з Расіяй няма. Але ж куды схавацца ад патрулёў, што павольна прагульваюцца ўздоўж цягнікоў і пільна сочаць за кожным?..

З падрабязнасцяў той аперацыі ўзгадаю толькі ноч, бясконцы снег і слізкую, ад самога Віцебска, шашу; палюбоўніцу адказнага сакратара, што скурчылася ззаду пад скрынямі са шкарпэткамі славутай фабрыкі «КіМ»; ну, і самога сакратара, які ўжо пашкадаваў, што ўзяў палюбоўніцу, бо месца для шкарпэтак у купэ на дваіх дакладна не хапала... Карацей кажучы, вярнуўся праз тыдзень, заплаціўшы за два купэ. Ужо і не памятаю, як, рызыкуючы, здолелі цягам некалькіх разоў загрузіць тыя шкарпэткі...

У Вільню ўсё на той жа рэдакцыйнай «Волзе» я вазіў керамічную плітку. Калега і сябар рабіў рамонт кватэры, а ў Літве не тое што пліткі, нават клею было не знайсці.

Ехалі без візаў, хоць мяжа і мытня ўжо існавалі, і абысці забарону на вываз беларускіх тавараў было наўпрост немагчыма. Калі мытнік падазрона аглядаў аўто, што прасела амаль да зямлі, я працягнуў яму ўласнаручна складзеную даведку пра неадкладную патрэбу літоўскага карпункта вядомай расійскай газеты. На смятану, што хавалася ў жонкі калегі, даведкі не было...

Як жа такое здарылася, што свет перакуліўся, і сёння народ павёз за мяжу грошы, а не тавар? Нібыта гэта палякі ды літоўцы два дзесяцігоддзі карміліся з расейскай нафты ды газу...

Вось і хвалююся: а ці ведае Пракаповіч, дзе шукаць $3 мільярды замест нашых кішэняў? Думаеце, не ведае? Ведае. Але не скажа.

Свае бэбехі — помпу для калодзежа і бульбадзёр завода «Чырвоны барацьбіт» — Слаўка так і не прадаў. Імаверна палякам на той час сама лепш было набыць запалкі, бо прыкурыць каштавала, як памятаю, 20 злотых. Але Слаўка, светлай памяці, не курыў...

 На мяжы патрапілі да таго ж мытніка, якому два тыдні таму тыцкаў пасведчанне. «Што, — усміхнуўся, — назад везяцё?!»

І задаволена пакруціў пальцам ля скроні…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?