ААТ «Уралкалій» выказвае шкадаване «ў сувязі з заявамі беларускага кіраўніцтва адносна цяперашняга стану кампаніі і яе фінансавай справаздачнасці, якія ганьбяць дзелавую рэпутацыю кампаніі і не адпавядаюць рэчаіснасці».

У распаўсюджанай вечарам 19 верасня заяве «Уралкалія» падкрэсліваецца, што гэта справаздачнасць была аўдыравана і засведчана адной з вядучых сусветных аўдытарскіх кампаній у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Незалежны дырэктар і старшыня камітэта па аўдыту ААТ «Уралкалій» Пол Остлінг у сувязі з гэтым адзначыў:

«Уралкалій» імкнецца да максімальнай адкрытасці і дакладнасці ў сваёй фінансавай справаздачнасці. Тры незалежныя члены камітэта па аўдыту сочаць за падрыхтоўкай фінансавай справаздачнасці і атрымліваюць даклады наўпрост ад незалежных знешніх аўдытараў «Уралкалія». Фінансавая справаздачнасць кампаніі рэгулярна і без агаворак засведчваецца на адпаведнасць міжнародным стандартам. Таму мы лічым, што заявы беларускіх улад некарэктныя і з’яўляюцца часткай кампаніі па дэзінфармацыі, нацэленай на нанясенне ўрону рэпутацыі і бізнесу «Уралкалія».

Нагадаем, сёння на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Аляксандр Лукашэнка даручыў праінфармаваць Лонданскую і Маскоўскую біржы аб рэальнай фінансавай сітуацыі на «Уралкаліі».

На думку Лукашэнкі, калійны скандал быў наладжаны для таго, каб скрыць уласныя праблемы на «Уралкаліі». «Як я, так і вы задаяцеся ўсё часцей пытаннем: навошта было, здаецца б, паспяховае прадпрыемства („Уралкалій“, ды і нашы) уводзіць у стан крызісу? У іх да саміх усё рухнула — і каціроўкі акцый, і прыбытак. Напрошваецца выснова, што за знешняй паспяховасцю гаспадароў „Уралкалія“ скрываліся сур’ёзныя праблемы. Мяркуючы па ўсім, да пэўнага часу іх удавалася скрываць за кошт падтасоўкі фінансавай справаздачнасці, а насамрэч яны ўсё больш залязалі ў даўгі, бралі крэдыты. Ды і на вытворчасці ва „Уралкалія“ адны праблемы — затоплены руднікі, прасядае горад, даводзіцца перасяляць людзей»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?