У Мінску недастаткова выкарыстоўваецца інтэлектуальны патэнцыял. Такую думку выказаў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 19 верасня падчас даклада Мінгарвыканкама па пытаннях імпартазамяшчэння, паведаміла прэс-служба ўрада.

«Горад не дэманструе «сталічнасць», дзе сканцэнтраваны такі магутны інтэлектуальны патэнцыял, ёсць добрыя вытворчыя магчымасці, свабодныя плошчы для таго, каб размяшчаць інавацыйныя імпартазамяшчальныя прадпрыемствы», — мяркуе Мясніковіч. Кіраўнік урада даручыў Мінгарвыканкаму актыўна працаваць для стварэння новых навукаёмістых вытворчасцяў з высокім дададзеным коштам і нізкай матэрыялаёмістасцю, а таксама садзейнічаць такім прадпрыемствам усіх форм уласнасці.

«Імпартазамяшчэнне разглядаецца не толькі як эканамічная катэгорыя па зніжэнні імпарту тавараў і паслуг, — зазначыў кіраўнік урада. — Імпартазамяшчэнне — гэта павышэнне канкурэнтаздольнасці адпаведных тавараў. У выніку мы павінны мець больш канкурэнтаздольную эканоміку».

Прэм’ер-міністр наведаў ЗАТ «Салар ЛС», ААТ «Завод «Прамбурвод», ТАА «Фармтэхналогія», дзе азнаёміўся з апошнімі інавацыйнымі распрацоўкамі айчынных вытворцаў.

«Я ўпэўніўся ў тым, што найбольш успрымальнымі да новых ідэй аказаліся сярэднія прадпрыемствы з колькасцю працоўных ад 50 да 150–200 чалавек, — сказаў Мясніковіч. — Прычым гэта не толькі прадпрыемствы, якія раней называліся чыста інавацыйнымі, знаходзіліся ў нейкім інкубацыйным стане, гэта прадпрыемствы, якія ўжо вырабляюць і рэалізуюць, у тым ліку і на знешніх рынках, вельмі шмат інавацыйнай прадукцыі з высокім дададзеным коштам. Дастаткова сказаць, што выпрацоўка на аднаго працоўнага на большасці з іх складае 60–70 тыс. долараў і нават 80 тыс. долараў. Гэта добрыя паказчыкі».

Прэм’ер-міністр адзначыў неабходнасць «найхутчэйшага стварэння высокакваліфікаваных працоўных месцаў: яны патрэбны для выдзялення спецыялістам, якія папаўняюць рынак працы падчас мадэрнізацыі многіх прадпрыемстваў», паведаміла прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?