Нацыянальны банк рэзка павысіць патрабаванні да капіталу банкаў, якія выдаюць спажывецкія крэдыты па высокіх працэнтных стаўках. Такія меры прадугледжаны праектам пастановы Нацбанка.

Згодна з дакументам, які можа набыць моц 1 студзеня 2014 года, крэдыты, працэнтная стаўка па якіх будзе ў 2,5 разу перавышаць стаўку рэфінансавання, стануць адносіцца да восьмай (паводле класіфікацыі цэнтрабанка) групе рызыкі. Ступень рызыкі па такіх крэдытах плануецца ўстанавіць на ўзроўні 200%.

Калі стаўка па крэдытах перавысіць стаўку рэфінансавання ў тры разы, то такія актывы будуць адносіцца да яшчэ больш высокай групы рызыкі. Ступень рызыкі па такіх крэдытах будзе ўстаноўлена на ўзроўні 500%.

Як растлумачылі банкіры, зараз рознічныя крэдыты адносяцца да пятай групы рызыкі са ступенню рызыкі 75%.

Пры такой ступені рызыкі банк на 1 рубель уласнага капіталу можа выдаць прыблізна 13 рублёў крэдытаў. Калі ж ступень рызыкі па крэдыце ўзрасце да 200%, то на 1 рубель уласнага капіталу банк зможа выдаць толькі 5 рублёў у выглядзе крэдытаў, а пры ступені рызыкі 500% — 2 рублі.

Як зазначаюць спецыялісты, у выпадку прыняцця гэтай пастановы банкі не змогуць прапаноўваць крэдыты па стаўцы, што ў тры разы перавысіць стаўку рэфінансавання, бо такія прадукты будуць пазбаўлены эканамічнага сэнсу.

«Для банка нявыгадна мець нават звышдаходныя крэдыты (актывы), якія будуць усяго толькі ў два разы перавышаць капітал банка. Забяспечыць рэнтабельнасць капіталу пры такой прапорцыі будзе немагчыма», — растлумачыў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

Зараз стаўка рэфінансавання складае 23,5% гадавых. Адпаведна прапаноўваць крэдытныя прадукты, стаўкі па якіх будуць вышэйшыя за 70,5% гадавых, банкам стане нявыгадна. Зараз стаўкі па экспрэс-крэдытах, якія банкі выдаюць у магазінах, у многіх выпадках перавышаюць 70% гадавых.

Тэарэтычна банкі могуць знізіць стаўкі па экспрэс-крэдытах да 60% гадавых, каб мець магчымасць на 1 рубель капіталу выдаваць 5 рублёў крэдыту. Аднак і гэты варыянт можа быць немэтазгодны.

«Стаўка 60% гадавых па экспрэс-крэдытах не ўяўляецца сёння лагічнай і цікавай для банкаў. Зараз банкі прыцягваюць рублёвыя рэсурсы па стаўцы 40–45% гадавых, а з улікам усіх аперацыйных выдаткаў па прыцягненні ўкладаў пасівы рэальна абыходзяцца сёння банкам у 45–50% гадавых. Розніца ў памеры 10 працэнтных пунктаў (паміж стаўкамі па крэдытах і дэпазітах) не пакрывае крэдытныя рызыкі, што ўзнікаюць у працэсе выдачы экспрэс-крэдытаў», — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН прадстаўнік буйнога рознічнага банка.

Прыняцце пастановы Нацбанка ў цяперашнім варыянце можа істотна знізіць цікавасць банкаў да спажывецкага крэдытавання — у прыватнасці істотна абмяжуе аб’ёмы экспрэс-крэдытаў, што выдаюцца ў магазінах.

Варта зазначыць, што гэтае рашэнне ўжо анансавала на гэтым тыдні кіраўніка Нацбанка Надзея Ермакова. 18 верасня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце агенцтва БелТА яна заявіла: «Многія нашы маленькія камерцыйныя банкі, якія працуюць у асноўным толькі ў рознічным бізнесе, выдаюць крэдыты насельніцтву за паўгадзіны ці за гадзіну без падавання адпаведных дакументаў або на падставе аднаго пашпарта. Гэтыя крэдыты даходзяць да 130%. Мы ўжо прынялі пастанову аб абмежаванні выдачы такіх крэдытаў. Гэты дакумент зараз знаходзіцца на экспертызе ў адпаведных заканадаўчых органах, і мы спадзяемся, што ён будзе прыняты. Тады з 1 студзеня 2014 года банкі ўсё-такі прытармозяць выдачу такіх крэдытаў — бліц-крэдытаў пад высокія працэнтныя стаўкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?