Людміла Класкоўская, маці асуджанай у Швецыі беларускі Вольгі Класкоўскай, мае намер прасіць каралеву Швецыі пра дапамогу сваёй асуджанай дачцэ.

Як паведаміла Людміла Класкоўская БелаПАН, яна збіраецца праінфармаваць каралеву Сільвію, якая ўзначальвае Міжнародны дзіцячы фонд, пра «трагедыю беларускай эмігранткі», у тым ліку «пра незаконнае адбіранне дзіцяці ад маці» - малалетняга сына Вольгі Адама сацыяльнымі службамі стакгольмскай камуны Ханінге.

Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, нягледзячы на шматлікія звароты Вольгі і адміністрацыі следчага ізалятара, дзе яна ўтрымліваецца, да сацыяльных службаў Ханінге, апошнія ўсяляк перашкаджаюць спатканню маці з дзіцем.

«Ні Вольга, ні я нічога не ведаем пра лёс Адама, дзе і з кім ён знаходзіцца, — зазначыла Людміла Класкоўская. — Ад свайго імя я звярнулася ў суд, які прымаў рашэнне аб перадачы апекі над дзіцем бацьку, з тым, каб даведацца пра лёс свайго ўнука, а таксама папрасіла, каб мне, як роднай бабулі, далі пабачыцца з Адамам».

Невядома таксама, ці адбыўся судовы шлюбаразводны працэс паміж Вольгай Класкоўскай і Гёкаем Безгінам. Як сказала Людміла Класкоўская, ніякіх дакументаў наконт гэтага Вользе не паступала, ёй нічога не паведамлялі.

Тым часам пасля чаргі адмоў стакгольмскі суд зацвердзіў у якасці абаронцы Вольгі Класкоўскай вядомага шведскага адваката Томаса Нільсана. Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, ён ужо распачаў вывучаць матэрыялы крымінальнай справы. «Мы вельмі разлічваем на яго прафесіяналізм, аўтарытэт і рэпутацыю. Мы чулі толькі добрыя водгукі пра яго ад тых, каго ён раней абараняў», — падкрэсліла маці асуджанай.

Самаадчуванне Вольгі, паводле яе слоў, нармалізавалася. «Раней дачка скардзілася на сэрца, зараз ёй прызначылі лячэнне, даюць заспакаяльнае», — паведаміла Людміла Класкоўская. Апрача таго, апошнім часам Вольгу актыўна падтрымлівае хрысціянская царква Стакгольма, на 24 верасня ў яе прызначана сустрэча з пастарам.

Нагадаем, некалькі гадоў таму Класкоўская атрымала статус палітычнага бежанца ў сувязі з пераследам на радзіме за апазіцыйныя перакананні. У 2011 годзе Вольга вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але неўзабаве зноў паехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара Гёкая Безгіна, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына Адама.

Дакументы на атрыманне права на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля заключэння шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні права на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без магчымасці абскарджання. У пачатку лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай малалетняе дзіця ў сувязі з тым, што ў яе няма права на жыхарства ў гэтай краіне і яна нібыта не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання.

2 красавіка стала вядома, што Вольга Класкоўская затрыманая ў горадзе Ханінге па падазрэнні ў замаху на забойства свайго мужа і змешчана ў турму.

Дачка Вольгі ад першага шлюбу Міраслава па рашэнні шведскіх улад таксама падлягала дэпартацыі. У Швецыю па дзяўчынку ездзіла яе бабуля Людміла Класкоўская. Цяпер Міраслава знаходзіцца ў Мінску.

23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў Вольгу Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства мужа Гёкая Безгіна. Вольга прыгавораная да васьмі гадоў турэмнага зняволення і павінна выплаціць грашовую кампенсацыю Безгіну ў 110 тысяч шведскіх крон.

14–16 кастрычніка крымінальную справу беларускі павінен разглядаць апеляцыйны суд Стакгольма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?