Амаль шэсць сутак спатрэбілася на пошукі зніклай у лясах Асіповіцкага раёна пенсіянеркі.
Жыхарка сталіцы 13 верасня са знаёмай прыехала ў Асіповіцкі раён у ягады на электрычцы. Мінчанкі выйшлі на станцыі Вярхі і разышліся ў розныя бакі. Назад адна з ягадніц вярталася адна: на станцыю прыяцелька не выйшла.
Ніякіх вестак ад пажылой жанчыны не было і на наступны дзень, мабільны тэлефон не адказваў (ён быў разраджаны). Сваякі звярнуліся ў міліцыю.
На пошукі зніклай мінчанкі быў узняты асабісты склад Асіповіцкага РАУС, супрацоўнікі МНС, вайскоўцы. Шукалі і сваякі жанчыны. А багністая непраходная мясцовасць, куды прабрацца чалавеку практычна немагчыма, аглядалася з дапамогай беспілотнага самалёта.
Знайсці заблукалую 78-гадовую жанчыну ўдалося толькі 18 верасня. Жанчыну заўважылі вайскоўцы і супрацоўнікі міліцыі.
Нягледзячы на сталы ўзрост, яна не адчаялася, а ўсе гэтыя дні спрабавала знайсці выхад з гушчару.
Адразу ж мінчанцы аказалі першую медыцынскую дапамогу, затым даставілі ў бальніцу. Працяглай шпіталізацыі не спатрэбілася, у суправаджэнні сваякоў сталічная жыхарка вярнулася дадому.