Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача адкрые 19 верасня новы сезон візітнай карткай - спектаклем "Тарас на Парнасе" Сяргея Кавалёва ў рэжысуры Наталлі Башавай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчык літаратурна-драматычнай часткі ТЮГа Жанна Лашкевіч.

Спектакль ужо не першы год ідзе на сцэне ТЮГа. Ён палюбіўся беларускай публіцы і па яе прапанове адкрывае кожны новы сезон. Гэтай пастаноўцы спадарожнічае поспех і на гастролях за межамі рэспублікі. У горадзе Арле вясной мінулага года работу цёпла прымалі расійскія гледачы. Нягледзячы на тое, што спектакль ідзе на беларускай мове, публіка высока ацаніла майстэрства акцёраў ТЮГа, а крытыка і прэса назвалі яго "светлым, чыстым, як сама Беларусь".

А 22 і 23 верасня на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача прэм'ера мінулага сезона "Мешчанін у дваранах" Жана Батыста Мальера. Самых маленькіх гледачоў у ТЮГу чакаюць 23 і 28 верасня. У гэтыя дні на сцэне будуць ставіцца прэм'ерныя спектаклі, якія ўбачылі свет пад заслону мінулага сезона, "Бармалей" і "Прыгоды Бібігона" Карнея Чукоўскага.

Жанна Лашкевіч дадала, што ўжо сёння ў тэатры рыхтуецца новая прэм'ера - казка "Шчаўкунок". Гэта будзе прыгожая калядная гісторыя, поўная чарадзейства і святла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?