22 верасьня ўвесь сьвет будзе адзначаць Дзень без аўтамабіля. Ідэя гэтага дня зьявілася ў 1988 годзе ў Францыі. І вось ужо дзевяць гадоў пры канцы верасьня багата якія гарады закрываюцца для прыватных аўтамабіляў, а месьцічы перасядаюць на ровары і грамадзкі транспарт. Штогод прыхільнікі экалёгіі пры падтрымцы адміністрацый гарадоў і мястэчак спрабуюць паказаць, што ў гарадах можна цудоўна жыць без аўтамабіляў, загазаванасьці й затораў.

Аўтамабільныя праблемы буйных гарадоў дакаціліся й да Менску, але тут пакуль спадзяюцца даць ім рады з дапамогай вышэйшых паркінгаў ды шырэйшых дарог.

Але прыяднацца да сусьветнай аднадзённай гульні “не-ў-машынкі” будзе магчымасьць і ў менчукоў. У суботу апоўдні ад Нацыянальнай бібліятэкі стартуюць безаўтамабільныя спаборніцтвы па гарадзкім арынтаваньні з азартнай назвай «Адрыў». Як запэўніваюць арганізатары, гульцы змогуць пабачыць горад з новага, нечаканага боку, пабываць у тых сталічных кутках і мясьцінах, дзе ім ніколі не даводзілася бываць раней, паспаборнічаць у веданьні Менску й з карысьцю прабавіць суботні дзень на сьвежым паветры.

Дазнацца болей і падаць заяўку на ўдзел можна на
сайце гарадзкой гульні «Адрыў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0