Кошт 1 кв.м на першасным рынку жылой нерухомай маёмасці Мінска з пачатку 2013 года павялічыўся на 16,5%.

Аб гэтым паведаміла кіраўнік упраўлення «Навабудцэнтр» групы кампаній «Твая сталіца» Наталля Пічуха.

Сярэдняя цана 1 кв.м у сталічных новабудоўлях у пачатку верасня 2013 года склала $1640. У новабудоўлях эканомкласа кошт удзелу ў долевым будаўніцтве вырас на 20,7%, бізнес-класа — на 14,7%, эліт — на 11,2%.

«Сярэдні рост цэн за студзень-жнівень 2013 года склаў амаль 2,5%, або $36, пры гэтым на працягу ўсяго года тэмп росту запавольваўся: ад максімальнага павышэння цэн у студзені на 4,3% да 1,5% у жніўні», — растлумачыла эксперт.

Таксама Наталля Пічуха расказала, што за жнівень больш за ўсё падаражэлі сталічныя кватэры эліт-класа — сярэдні кошт 1 кв.м у такім жыллі па стане на пачатак верасня склаў $2528, або 103% адносна цаны ліпеня 2013-га.

Кватэры бізнес- і эканомкласа за гэты перыяд прыбавілі ў цане зусім нязначна — кошт квадратнага метра склаў $1622 і $1432 адпаведна. Найбольшы рост кошту адзначаны на двухпакаёвыя кватэры — прыкладна на 2,3% ў параўнанні з ліпенем бягучага года, мінімальна змянілася цана на трохпакаёвыя кватэры — рост на 0,3%.

Практычна нязменнымі засталіся цэны на кватэры ва ўжо гатовых дамах, што рэалізуюцца забудоўшчыкамі. Кошт 1 кв.м у такіх дамах на пачатак верасня склаў $1735.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?