Пасольства Расіі накіравала ў МЗС Беларусі запыт на сустрэчу з Уладзіславам Баўмгертнерам, паведаміў БелаПАН расійскі консул Ігар Карагін. Інфармацыі пра месцазнаходжанне арыштаванага гендырэктара «Уралкалія» па-ранейшаму няма.

Паводле слоў консула, згодна з Венскай канвенцыяй беларускі бок павінен даць адказ на працягу трох сутак.

Карагін таксама зазначыў, што дагэтуль у пасольства няма інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца Баўмгертнер. «Адвакаты маўчаць, з імі пакуль сувязі няма», — сказаў дыпламат.

Аб месцазнаходжанні свайго падабароннага Баўмгертнера адвакат Дзмітрый Гарачка спрабаваў даведацца з раніцы 23 верасня.

Прыкладна ў 12.30 адвакат параіў БелаПАН патэлефанаваць яму праз тры гадзіны, адмовіўшыся ад якіх-небудзь каментарыяў, але зараз тэлефон Гарачкі адключаны.

На пытанне аб месцазнаходжанні Баўмгертнера не могуць адказаць ні ў КДБ, ні ў Следчым камітэце Беларусі.

Грамадзянін Расіі, гендырэктар «Уралкалія», кіраўнік назіральнага савета беларуска-расійскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Мінску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ паводле абвінавачання ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

16 верасня намеснік генпракурора Расіі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расійскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру РФ.

19 верасня на нарадзе па наяўных эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расію для правядзення следчых дзеянняў.

20 верасня памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы Баўмгертнера, аднак гэты працэс «крыху зацягваецца».

«Учарашнія словы прэзідэнта Беларусі дазваляюць спадзявацца, што гэтае пытанне будзе найбліжэйшым часам вырашана», — сказаў ён.

21 верасня расійскае выданне «КоммерсантЪ» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што затрымка з выдачай Баўмгертнера звязана з патрабаваннем Мінска прадоўжыць яго крымінальны пераслед у Расіі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сітуацыя з крымінальным пераследам гендырэктара «Уралкалія» можа быць вынесена на абмеркаванне прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў выпадку іх двухбаковай сустрэчы ў межах сённяшняга саміту АДКБ у Сочы.

На думку некаторых аналітыкаў, сама магчымасць такой сустрэчы звязана менавіта з выдачай Баўмгертнера расійскаму боку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?