Суд Брэсцкага раёна 23 верасня вынес прысуд Віталю Каўшу за арганізацыю незаконнай міграцыі.

Як паведаміў памочнік пракурора Брэсцкага раёна Аляксандр Плышэўскі, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, Коўш абвінавачваўся ў тым, што па папярэдняй змове з іншай асобай, крымінальная справа ў дачыненні да якой выдзелена ў асобную вытворчасць, з мэтай незаконнай міграцыі замежных грамадзян на тэрыторыю Польшчы спланаваў і арганізаваў незаконны ўезд у Беларусь з Расіі васьмі грамадзян Індыі.

Замежныя грамадзяне прыбылі на тэрыторыю Беларусі 6–7 мая 2012 года. Пасля гэтага грамадзяне Індыі былі перавезеныя ў вёску Цюхінічы Брэсцкага раёна, дзе было арганізавана іх укрывальніцтва ў доме па месцы жыхарства Каўша.

Паміж 7 гадзінамі 14 мая і гадзінай ночы 15 мая грамадзяне Індыі былі дастаўленыя ў лясны масіў, што паблізу заставы «Цярэбунь», дзе Коўш з іншай асобай забяспечылі нелегалаў рэчавымі мяшкамі і неабходнымі прыстасаваннямі для незаконнага перасячэння мяжы.

За ствалы дрэў быў замацаваны металічны трос, пасля чаго з выкарыстаннем мантажных паясоў грамадзяне Індыі былі перамешчаныя над сігналізацыйным комплексам для далейшага накіравання ў Польшчу.

У выніку супрацьпраўных дзеянняў сем індыйцаў былі перапраўленыя на нейтральную тэрыторыю мяжы Беларусі і Польшчы. Пасля ўсе восем парушальнікаў былі затрыманыя пагранічным нарадам.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, суд Брэсцкага раёна прызнаў Каўша вінаватым у арганізацыі незаконнага ўезду на тэрыторыю Беларусі, знаходжання на тэрыторыі Беларусі і выезду з Беларусі замежных грамадзян, учыненай групай асоб па папярэдняй змове (на падставе ч. 2 арт. 371–1 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

«У судовым пасяджэнні Коўш сваёй віны не прызнаў», — сказаў Плышэўскі. Ён нагадаў, што 12 сакавіка суд Брэсцкага раёна таксама прызнаў Каўша вінаватым на падставе ч. 2 арт. 371–1 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў да такога ж пакарання. Абвінавачваны абскардзіў прысуд. 30 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда, разгледзеўшы касацыйную скаргу і матэрыялы справы, адмяніла прысуд раённага суда.

Крымінальная справа была перададзеная ў суд Брэсцкага раёна на новы разгляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?