19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацьверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб «Пагоня» і бел‑чырвона‑белы сьцяг. Як гэта адбывалася, згадвае сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, старшыня дэпутацкай камісіі ў замежных справах Пятро Садоўскі.

Даклад у пытаньні сымболікі рабіў Ніл Гілевіч як старшыня камісіі па культуры і адукацыі


Пятро Садоўскі

«Ён быў бліскучы, калі браць проста па зьместу. З пункту гледжаньня псыхалёгіі, ён неяк трошкі нашушэрыў, узбурыў гэтую маўклівую камуністычную большасьць. Гучаў у яго голасе нейкі дакор. І было страшнавата. Я сядзеў і так чуў псыхалягічна скурай, што ня пройдзе гэта ўсё. Як усё роўна коні, як кабаны сядзяць гэтыя камуністы.

Пайшлі на перапынак, і ў перапынку была пушчана ўся «цяжкая артылерыя». Усе, хто што ведаў, атачылі Таразевіча і Платонава. Платонаў быў тады прэзыдэнтам Акадэміі, і ён прынёс заключэньне Інстытута гісторыі і Прэзыдыюму акадэміі, здаецца. Ён выступіў першы пасьля перапынку. Ён трошачкі як бы залю ўлагодзіў. Але ў гэтых дырэктараў саўгасаў, усіх гэтых камуністычных бонзаў ён успрымаўся ня надта добра. Малады, грошы зарабляе ў Амэрыцы… Галоўны псыхалягічны пералом адбыўся дзякуючы выступу Таразевіча. Ён выступіў, як бы перакадаваўся ў знакавую сыстэму залі. Гаварыў на іхняй мове, проста. Але ўжо сама яго фігура прымусіла вэтэранаў падняць галовы, твары трохі памякчэлі, і зьявілася нейкая надзея, што гэта ўсё пройдзе».

Пры галасаваньні трэба было набраць 231 голас і гэтая лічба зьявілася на маніторы…

«Я хачу сказаць, што першае галасаваньне ў нас не прайшло, не хапіла галасоў. Карацей, пры падтрымцы Булахава Шушкевіч арганізаваў другое галасаваньне. Я памятаю, там нейкім мінімумам, голас там ці два, прайшло гэта рашэньне. Тады ўскоквалі гэтыя камуністы, Качан там… Кажуць, што там нешта зглумілі, ня слушна прагаласавалі. Але, як той казаў, цягнік ужо пайшоў, галасаваньне прайшло».

Ва ўсіх былі сьлёзы на вачах…

А як былі ўспрыняты вынікі галасаваньня ў залі?

«Большая палова была задаволена, што гэта адбылося. Канечне, ва ўсіх былі сьлёзы на вачах. Быў такі нейкі час, эпоха стаяла на двары, і гэта ціснула. І натоўп стаяў на плошчы, ціснуў. Але ж мы былі расколатым парлямэнтам. І нечага мы дасягалі дзякуючы ўмельству апазыцыі. Дзякуючы таму ж Пазьняку. Ён арганізатар быў выдатны. Ён быў стратэг і тактык добры. Менавіта дзякуючы разумнай працы апазыцыі шмат чаго праходзіла».

Сьцяг на будынку Вярхоўнага Савету памянялі на наступны дзень.

«Па‑мойму, на заўтра раніцай. Раніцай людзі прыйшлі. Пазьняк прыйшоў на плошчу гадзін у шэсьць на другі дзень. Ды ўсе мы былі такія п’яныя ад шчасьця… І памятаю на плошчы людзі. Гэта была нейкая такая вясна, якая прыйшла ўвосень. Быў такі ўздым. Была агульная атмасфэра чаканьня вялікіх пераменаў, шчасьця і гэтак далей. І, калі пазьней Ціцянкоў драў на даху гэты сьцяг, я памятаю, ноччу нейкі боль у сэрцы. Я ляжу ноччу, і мне прыходзяць радкі з Багдановіча: «Каб вы чулі, як сэрца начамі па радзімай старонцы баліць». Вось гэта проста фізычны боль мяне працяў, калі я дачуўся, што ён драў там на ласкуты гэты сьцяг».

Вясной 1995 года Аляксандар Лукашэнка выступіў зь ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму, які прадугледжваў, сярод іншага, скасаваньне дзяржаўнасьці бел‑чырвона‑белага сьцягу і «Пагоні» як дзяржаўных сымбаляў і наданьне расейскай мове роўнага статусу зь беларускай.

Алесь Дашчынскі, «Радыё Свабода»

Перадрук фатаздымкаў photo.bymedia.net забаронены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0