На Х Нацыянальным фестывалі архітэктуры «Мінск-2013» прадстаўлены праект трэцяй веткі мінскага метро «Зялёны луг». Прынамсі тых станцый, якія запланавана пабудаваць у найбліжэйшы час.

«Наша Ніва» прапануе вам ацаніць дызайн будучай лініі метрапалітэна.

Станцыю «Юбілейная плошча» плануюць аздобіць чырвонымі тонамі. Варта звярнуць увагу і на тое, што на трэцяй лініі ўсе станцыі будуць мець дзверы, праз якія пасажыры трапляюць у вагон. Стварыў праект Вячаслаў Лапато.

«Плошча Багушэвіча». Архітэктары Уладзімір Целяпнёў і Аляксандра Гаркуша стварылі дызайн у светла-карычневым колеры, сама станцыя будзе адносна невялікай.

Станцыя «Вакзальная» сярод іншага будзе мець гарызантальны эскалатар, якія можна ўбачыць у еўрапейскім метро. Такім чынам станцыя будзе злучана з «Плошчай Леніна» Спраектавалі станцыю Уладзімір Целяпнёў, Вольга Целяпнёва і Аляксандр Якубец.

«Кавальская Слабада», калі давяраць рэндарам, будзе створана на сутыкненні стыляў — апроч сучаснага, у якім выкананы новыя станцыі кшталту «Пятроўшчыны», яна будзе мець каваныя жырандолі на столі, а таксама гравюры з выявамі кавалёў. Аўтары праекта — Рыгор Васільеў, Вольга Целяпнёва, Уладзімір Целяпнёў і Ганна Кузьміч.

«Аэрадромная». Уладзімір Целяпнёў, Таццяна Жарабцова і Дыяна Нікіценка стварылі станцыю згодна з назвай, некаторыя элементы дызайну нагадваюць часткі самалётаў

«Немаршанскі сад». Праект Рыгора Васільева і Алены Майсевіч будзе аформлены сціпла, з вялікай колькасцю светла-зялёнага колеру.

«Слуцкі гасцінец», спраектаваны Вячаславам Лапато, таксама будзе сціплым па афармленні — дызайн станцыі чымсьці нагадвае «Пятроўшчыну».

20 верасня горадабудаўнічы савет зацвердзіў праекты станцый. Першыя з іх з’явяцца ў 2017 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?