"Мы гатовы пачаць з Беларуссю паўнавартаснае супрацоўніцтва" - заявіла камісар Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер 18 верасня на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Бруселі.

"Для нас відавочна, што Беларусь з'яўляецца непасрэдным суседам ЕС і вельмі важна прапанаваць ёй тыя магчымасці, што ёсць для іншых краін, якія паўнавартасна ўдзельнічаюць у еўрапейскай палітыцы добрасуседства", — сказала еўракамісар.

Б.Ферэра-Вальднер падкрэсліла, што ўсе прапановы ЕС выкладзены ў дакуменце "Што Еўрапейскі саюз можа даць народу Беларусі". "Мы ў адказ чакаем паглыблення працэсаў дэмакратызацыі", — зазначыла яна.

Пры гэтым камісар ЕС падкрэсліла, што самымі важнымі ўмовамі для пачатку супрацоўніцтва з'яўляюцца вызваленне палітзняволеных, магчымасці для свабоднай працы СМІ, правядзенне свабодных і сумленных выбараў.

"За час, што прайшоў з моманту прадстаўлення дакумента, мы не заўважылі ніякай рэакцыі ў адказ з боку беларускіх уладаў на нашы прапановы. Адчуваецца адсутнасць палітычнай волі для наладжвання супрацоўніцтва", — сказала еўрапейскі чыноўнік. Яна зазначыла, што цяпер усе перамовы і кантакты паміж ЕС і Беларуссю застаюцца "на тэхнічным узроўні". "Мы не можам працаваць з апошнім дыктатарскім рэжымам у Еўрпопе", — патлумачыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?