Гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер, які ў ноч з 25 на 26 верасня быў пераведзены пад хатні арышт, забяспечаны ўсім неабходным і пачуваецца добра. Пра гэта паведамілі 26 верасня журналістам у Мінску яго адвакаты.

Нагадаем, з СІЗА КДБ Баўмгертнер мінулай ноччу быў пераведзены пад дамашні арышт у арандаваную трохпакаёвую кватэру.

«Усё, што трэба, — усё ў яго ёсць», — паведаміў журналістам адзін з адвакатаў Дзмітрый Гарачка. Пры гэтым, адказваючы на пытанне пра здароўе Баўмгертнера, зазначыў, што зняволенне ў СІЗА на стане яго здароўя не адбілася.

Адвакат Дар’я Ліпкіна дадала, што Баўмгертнер «выглядае добра, настрой у яго пазітыўны».

Каментуючы змену меры стрымання гендырэктару «Уралкалія», Гарачка сказаў: «Змянялі меру стрымання ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам. Яго правы не парушаліся». Пры гэтым ён дадаў, што «часавы фактар унёс пэўную нечаканасць».

Паводле слоў адвакатаў, яны не ведаюць, ці сустракаўся апошнімі днямі з Баўмгертнерам консульскі супрацоўнік пасольства Расіі, якое тры дні таму накіравала ў МЗС Беларусі запыт пра такую сустрэчу.

Адвакат Ганна Славіна падкрэсліла: «Мы пры такіх сустрэчах не прысутнічаем, таму не можам каментаваць».

Яна зазначыла, што зараз абарона чакае рашэнне па сваёй заяве аб прыёме адвакатаў генеральным пракурорам Беларусі ці яго намеснікам. Гарачка дадаў, што яны таксама чакаюць разгляду скаргі на змену меры стрымання, якую падалі ў вышэйшую інстанцыю пасля адмовы задаволіць яе Мінскім гарадскім судом.

Адказваючы на пытанне, ці магчымая ў найбліжэйшыя некалькі дзён экстрадыцыя Баўмгертнера ў Расію, Ліпкіна сказала: «Мы пакуль не валодаем інфармацыяй пра яго магчымую экстрадыцыю».

Адвакаты зазначылі, што маюць пастаянны допуск да свайго кліента. Разам з Баўмгертнерам у арандаванай кватэры зараз знаходзіцца яго маці і супрацоўнікі КДБ, якія ахоўваюць яго.

На пытанне, ці могуць да Баўмгертнера прыехаць яго жонка і дзеці, Гарачка адказаў, што блізкія сваякі могуць прыязджаць: «Згоды органаў крымінальнага пераследу не трэба, тут дзейнічае паведамляльны прынцып».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?