Місія Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (АКФ) можа прыехаць у Беларусь у кастрычніку. Дакладная дата візіту яшчэ не вызначана, аднак, хутчэй за ўсё, ён адбудзецца ў другой палове месяца.

Мяркуецца, што падчас візіту місіі будуць абмяркоўвацца вынікі бягучай крэдытнай праграмы, якая дзейнічае паміж Беларуссю і АКФ. Восенню 2013 года беларускія ўлады разлічваюць атрымаць ад фонду апошні (шосты) транш крэдыту ў памеры 440 млн. долараў.

Пачатак дзейнай крэдытнай праграмы Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС быў пакладзены два гады таму.

4 чэрвеня 2011 года Савет АКФ ухваліў выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту ў аб’ёме 3 млрд. долараў ЗША. Крэдыт выдзяляецца шасцю траншамі на працягу 2011–2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам.

Пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь атрымала 30 красавіка гэтага года.

У ацэнцы фонду аб выкананні ўмоў пятага транша паведамлялася, што Беларусь не выканала некалькіх індыкатыўных паказчыкаў. У прыватнасці, Беларуссю не былі выкананы індыкатыўныя паказчыкі па велічыні паступленняў ад прыватызацыі, па ўзроўні кампенсавання насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ і грамадскага транспарту. Акрамя гэтага, мэтавы ўзровень па росту патрабаванняў банкаў да іншых сектараў эканомікі (індыкатыўны паказчык) па выніках 2012 года ўдвая перавысіў запланаваны ўзровень.

У 2013 годзе пасля перамоў паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі АКФ паказчык па росту крэдытавання эканомікі быў пераведзены ў разрад кантрольных і ўстаноўлены на ўзроўні 1,5% у месяц. На думку прадстаўнікоў фонду, абмежаванне тэмпаў крэдытавання садзейнічае стрымліванню інфляцыйных працэсаў.

Тым не менш, як паведамляў раней Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС, тэмпы крэдытавання беларускай эканомікі сёлета апярэджвалі прадугледжаныя тэмпы. Прадстаўнікі АКФ раней адзначалі, што невыкананне Беларуссю гэтага кантрольнага паказчыку можа ўскладніць выдзяленне шостага транша крэдыту.

Да гэтага часу Мінфін Беларусі выказаў жаданне падрыхтаваць новую крэдытную праграму з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця, які кіруе сродкамі АКФ, Сяргей Шаталаў заявіў у канцы жніўня, што гаварыць пра новую крэдытную праграму з Беларуссю дачасна.

«Неабходна спачатку прааналізаваць вынікі дзейнай стабілізацыйнай праграмы, якая пачалася ў 2011 годзе і пакуль не завершана», — сказаў Шаталаў.

Трэба адзначыць, што ў кастрычніку 2013 года ў Мінск плануе прыбыць і місія Міжнароднага валютнага фонду, з якім беларускія ўлады таксама хацелі б дамовіцца аб новай крэдытнай праграме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?