29.09.2013 / 19:25

Рэпартаж з радзімы старшыні палаты прадстаўнікоў 9

Сусед старшыні парламента: «Абмяркоўваем з Андрэйчанкам палітыку. Але што ад нас зменіцца?»

У бацькоўскую хату чыноўнік прыязджае, каб пакасіць траву.

Сын Уладзіслаў робіць кар’еру ў віцебскай філіі МТС.

Лецішча Уладзіслава Андрэйчанкі.

Старшыня палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ўваходзіць у пяцёрку самых высокіх беларускіх чыноўнікаў.

Па ўплывовасці сваёй пасады ён фармальна саступае толькі Аляксандру Лукашэнку і прэм’ерміністру Міхаілу Мясніковічу ды знаходзіцца на адным узроўні з Анатолем Рубінавым, які ўзначальвае савет рэспублікі.

Але гэта чыстая фармальнасць. У рэальнасці, вага і магчымасці і сілавікоў, і гаспадарнікаў, і старшынь выканкамаў нашмат большыя.

Значэнне ж «парламента» ў нашай краіне — сімвалічнае. Ён зацвярджае законы, ухваленыя ў прэзідэнцкай адміністрацыі.

Андрэйчанка добра адпавядае сваёй пасадзе: ён здолеў дасягнуць амаль поўнай незаўважнасці.

У сёлетнім рэйтынгу самых уплывовых беларусаў, складзеным «НН» пры дапамозе экспертаў, Андрэйчанка заняў толькі 51-ю пазіцыю.

Імя кіраўніка парламента ўзгадваецца ў навінах хіба што падчас ягоных візітаў у экзатычныя краіны.

В’етнам, Эфіопія, Камбоджа, Эквадор, Балівія — такому разнастайнаму набору падарожжаў пазайдросціць любы турыст.

Ні па адным з гарачых пытанняў Андрэйчанка не выказаў меркавання, адрознага ад «лініі партыі». А як ягоныя землякі ставяцца да такой адсутнасці пазіцыі?

Карэспандэнты «НН» з’ездзілі на радзіму Андрэйчанкі, каб распытаць у землякоў пра ягоны шлях да поспеху — ад агранома да партыйнага функцыянера, а пасля і кіраўніка парламента.

Гістарычнае значэнне Лёзна

Вёска Мар’янава, у якой нарадзіўся палітык, знаходзіцца ў самым цэнтры Лёзненскага раёна. Яна такая маленькая, што на большасці сучасных картаў яе не знайсці.

Каб дабрацца, трэба праехаць маршрут, адваротны жыццёваму шляху Андрэйчанкі: Мінск — Віцебск — Лёзна — Мар’янава.

Па дарозе ад Віцебска да райцэнтра пачынаем адлічваць кіламетровыя знакі. 22, 23, 24…

17 чэрвеня 1994 гэтае месца ўвайшло ў гісторыю як месца няўдалага замаху на Аляксандра Лукашэнку.

Па версіі ягонага штаба, тут невядомыя стралялі ў «Мерсэдэс» з кандыдатам у прэзідэнты. Следчы эксперымент устанавіў, што стрэлы ў аўтамабіль у апісаных умовах былі немагчымыя.

У той час Уладзімір Андрэйчанка ўжо не працаваў у Лёзне, з якім былі звязаныя яго поспехі ў камсамоле і на партыйнай службе, а таксама першыя кіраўнічыя пасады. Ён пайшоў на павышэнне ў Віцебск, але адначасова быў «калегам» Лукашэнкі — дэпутатам ВС XII склікання.

У 1994 новаабраны кіраўнік дзяржавы прызначыў Андрэйчанку старшынёй Віцебскага аблвыканкама. На пасадзе ён пратрымаўся 14 гадоў — рэкорд доўгажыхарства cярод кіраўнікоў абласцей.

Вымерлая вёска

Чым бліжэй да Мар'янава, тым дарога горшае. Сустрэчных аўто не відаць, усё нібы вымерла. Заязджаем у саму вёску — ні душы.

На шчасце, на адным з агародаў бачым немаладога мужчыну і спыняем аўто на супрацьлеглым ад яго баку вуліцы. «Не падкажаце, як нам знайсці дом Уладзіміра Андрэйчанкі?» — «Дык вы ж каля яго і паставілі машыну!» — смяецца той.

Азіраемся — акуратная блакітная хатка без слядоў жыцця ў ёй.

Наш суразмоўца аказваецца добрым знаёмым Андрэйчанкі — разам гулялі малымі, разам хадзілі ў школу.

Колькі словаў ён можа расказаць і пра сям’ю сваіх суседзяў.

Бацькі будучага чыноўніка працавалі ў мясцовым саўгасе.

У гаспадарцы было два гусенічныя трактары. На адным з іх і працаваў Павел Андрэйчанка. Сусед дзівіцца з яго працаздольнасці: «Дзень і ноч працаваў!»

Дарэчы, цяпер калгас узяла пад сваё шэфства Беларуская чыгунка.

Сярод жывых бацькоў Андрэйчанкі ўжо няма, не сустрэнеш тут і нікога са сваякоў. Вёска вымерла. За савецкім часам у Мар'янаве было 30 двароў. Цяпер сюды ўлетку прыязджаюць з суседніх Лёзна і Віцебска дачнікі. Наш суразмоўца — адзін з іх.

«Трэба — і 100 грам вып’ем»

«Выдатнікам не быў. Сярэдні малец», — апісвае Андрэйчанку сусед.

«А як кавалер? Можа, першы на вёсцы?» — «Дык нас многа было. У іх пяць сыноў, у нас чатыры. А ў тых, праз дарогу — сямёра. Так што кавалераў хапала», — кажа сусед.

«А ён жа прыязджае сюды! — уключаецца ў гутарку жонка нашага суразмоўцы. — І нават косіць тут, я бачыла!» Чыноўнік, які прыязджае за 300 кіламетраў у родную вёску, каб пакасіць траву, — на яе думку, самы пазітыўны вобраз, які можна намаляваць для карэспандэнтаў.

«А што яму? Дзедаву касу ўзяў — і пайшоў!» — дапаўняе муж.

«Калі прыязджае, сустракаецеся з ім?» — «Вядома ж. Як з чалавекам. Трэба — і сто грам вып’ем».

«А палітыку абмяркоўваеце?» — «А што ў яе лезці, у гэту палітыку? Ад нас жа нічога не зменіцца… Так што сустрэнемся, паразмаўляем з ім па-нашаму, па-вясковаму».

Таямнічая сям’я

Ні ў адным са сваіх інтэрв’ю Андрэйчанка нічога не расказвае пра сям’ю. Нешматслоўны сусед у такой сітуацыі ледзь не адзіная крыніца інфармацыі.

Жонка палітыка была бухгалтаркай, узгадвае сусед. Дзеці?

Уладзіслаў Андрэйчанка з 2007 узначальвае віцебскую філію мабільнага аператара МТС. Ён мае ў Мар’янаве лецішча.

Лесвіца ад ідылістычнай двухпавярховай хаткі вядзе проста ў сажалку. На дагледжаным участку кідаюцца ў вочы смешныя кампазіцыі ў выглядзе жырафы і зебры, зробленыя з аўтамабільных пакрышак. Уладзіслаў прыязджае ў вёску часта, усё ж ад Віцебска ехаць недалёка.

Ці ёсць у яго дзеці, унукі кіраўніка парламента? Сусед робіць выгляд, што не ведае, хоць на ўчастку раскіданыя цацкі, напрыклад, ружовы грузавік.

Не расказвае ён нічога і пра Наталлю, малодшую дачку Уладзіміра Андрэйчанкі.

Ці добрым быў кіраўніком вобласці Андрэйчанка? «Нам падабаўся. Як сусед і як чалавек…»

— падсумоўвае сваё ўражанне сябар дзяцінства палітыка.

Вывераная пазіцыя

Гучных заяваў Андрэйчанка не робіць. Пасля праслухоўвання яго выступаў можна ўзгадаць хіба што дзве палітычна значныя пазіцыі спікера: апазіцыя — зло, а Еўрасаюз яшчэ пашкадуе аб санкцыях супраць Беларусі. Зрэшты,

усур’ёз ягоныя заявы і палітычныя амбіцыі ніхто не ўспрымае.

Даходзіць да кур'ёзаў. Канал СТВ час ад часу называе спікера не Уладзімірам, а Віктарам.

Можа, гэта і дапамагае яму быць непадалёк ад вяршыні ўлады вось ужо трэцяе дзесяцігоддзе?

Капіяваная пераможная праграма

У 2012, перад чарговымі выбарамі ў парламент, Андрэйчанку ў інтэрнэце паднялі на смех. Выбарчая праграма кавалкамі была скапіяваная… з яго ж праграмы, апублікаванай чатыры гады таму.

Ягонымі канкурэнтамі па Докшыцкім участку сталі спарынг-партнёры ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама ЛДПБ. У выніку, ён перамог, атрымаўшы 87% галасоў.

Стабільны заробак

Статус дэпутата прымушае Андрэйчанку прадастаўляць перад выбарамі дэкларацыю аб даходах. У 2007, яшчэ ў статусе віцебскага губернатара, ён зарабіў за год 54 мільёны рублёў. Гэта ў эквіваленце $2100 за месяц. Праз чатыры гады дэпутацкі заробак Андрэйчанкі склаў 125 мільёнаў рублёў — гэта каля $2250 за месяц.

Сярод ягонай маёмасці летась называліся кватэра ў Мінску, лецішча пад Віцебскам і гараж у Віцебску.

Уладзімір Андрэйчанка

нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Мар’янава Лёзненскага раёна. Скончыў Лужаснянскі сельгастэхнікум (1968), Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (1977), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1988). Пасля службы ў войску працаваў аграномам. У 1972–1975 — інструктар у Лёзненскім райкаме камсамола, а пасля ў райкаме КПБ. У 1975–1978 — сакратар парткама саўгаса «Адаменка», у 1978–1981 — старшыня калгаса імя Данукалава Лёзненскага раёна. У 1981–1985 — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Лёзненскага райвыканкама, у 19851987 — старшыня райвыканкама. У 1987–1991 гадах — старшыня Верхнядзвінскага райсавета, першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ. У 1991–1994 — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, у 1994–2008 — старшыня Віцебскага аблвыканкама. З 2008 — старшыня палаты прадстаўнікоў.

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч, Мар’янава — Мінск

0
Ёсьць варыянт - з расеі прызначаць. / Адказаць
29.09.2013 / 20:27
Чым глушэйшая вёска, тым вышэй пасада. З чаго б так?
0
вариант такой / Адказаць
29.09.2013 / 20:45
Чем ниже интеллект, тем выше должность можно получить при теле, чтоб казаться умным на фоне глупых.
0
бесконечная тоска.. / Адказаць
29.09.2013 / 20:48
комсомол,партия-от этого такой пылью несет!Когда же Господь над Беларусью сжалиться и освободит ее от этой навалы?
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру