Прачытаў у №23 за гэты год пад рубрыкай «Палеміка» аб беларуска­польскіх адносінах. І вось выказваю сваё меркаванне. Сп. Анатоль Сідарэвіч піша, што «АК змагалася … за Польшчу ў межах 1921 — г.зн. зноў жадала падзяліць наш народ і нашу краіну». А Сталін даў свабоду на тэрыторыі БССР? Ужо ў 1922—1924 гг. у Заходнюю Беларусь былі закінутыя ўзброеныя бандыцкія групы на чале з Кірылам Арлоўскім і іншымі, якія праводзілі шмат тэрарыстычных дыверсійных актаў супраць мясцовых польскіх улад, сядзібаў сельскагаспадарчых уласнікаў, супраць простых паліцыянтаў і паштавікоў. Што, гэта польскі ўрад іх справакаваў?

А потым пачалі актыўна развіваць антыпольскія падпольныя групы (КПЗБ і іншыя), чые актывісты атрымлівалі грошы ў савецкіх консульствах, актыўна выступалі супраць палітычнай улады — за далучэнне да БССР!

А колькі было забіта ці выслана ў ГУЛАГ беларускіх дзеячаў, інтэлігенцыі, простых рабочых і сялян? Сотні тысяч, а дзясяткі тысяч з іх загінулі. Сідарэвіч піша, што, каб «была б тут (у БССР) улада беларуская, АК гэтак жа змагалася б з ёю». Калі б ды кабы — у садзе выраслі б грыбы!

А на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскі ўрад не праводзіў масавага антыбеларускага тэрору, саджалі самых актыўных у лагер Картуз­Бярозу, у якім усяго было толькі каля 5000 месцаў — гэта для ўсёй Польшчы з яе 38­мільённым насельніцтвам — на ўкраінцаў, беларусаў, яўрэяў, палякаў разам ўзятых.

За пяць гадоў існавання ў лагеры загінулі толькі два чалавекі — яны памерлі ад хваробаў у бальніцы Брэста. А тыя, хто згаджаўся падпісаць дамову аб адмове ад палітычнай дзейнасці супраць польскіх улад, вызваляліся дамоў пад нагляд мясцовай паліцыі. А ці было такое ў БССР і СССР?

У 1941 АК была афіцыйна распушчаная, таму тэрарыстычныя дзеянні рэштак падпольшчыкаў не былі дазволеныя польскім урадам…

Так, польскія ўлады ў 1925—1939 вялі няправільную палітыку да беларусаў і ўкраінцаў, чым, як правільна піша Сідарэвіч, скарысталіся падпольшчыкі і сталінскія дзеячы.

Чаму ж цяпер сучасная ўлада Беларусі ацэньвае АК з прасавецкіх пазіцый? Бо Лукашэнка ў сваёй замежнай палітыцы пляцецца ў хвасце цяперашняй палітыкі Пуціна, які праводзіць і антыбеларускі, і антыпольскі курс.

Так што Польшча магла б прад’явіць і Расіі, і Аляксандру Лукашэнку яшчэ большы рахунак, чым Расія і Беларусь, але цяпер гэта ўжо — гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?