Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

На прэм’еры спектакля нечакана сустрэла знаёмую. Размаўляем з ёй, і тут падыходзіць дзяўчынка, гадоў восем, і пытае, дзе ўзяць праграму спектакля. Мая знаёмая кажа малой: «Зараз прынясу!», і пабегла некуды. У дзяўчынкі вочы былі па яблыку: «Что? Что она сказала?» Я па складах паўтарыла: «За­раз пры­ня­се!» Дзяўчынка наставіла вочы і на мяне: «Што?! Што вы сказалі?» У яе вачах было такое шчырае і чыстае здзіўленне, нібы на маёй галаве выраслі ласіныя рогі, а я размаўляла на суахілі.

Каб вывесці яе з шокавага стану, я строга спыталася: «Девочка! Ты что — в школу не ходишь? Ты что — уроки не учишь? У тебя в школе нет белорусского языка?» Яна адказвае: «Хожу. Но белорусского языка не учу». Я кажу: «Девочка, да ты врешь! В каком ты классе? Все дети учат белорусский язык!» Яна спалохана адказвае: «Ну во втором. Вообще­то у нас есть белорусский язык, но мы пока слов белорусских не учили!»

* * *

Сын летась пераказвае апавяданне пра вайну з падручніка. Ну, вы ведаеце, як савецкі салдат выратаваў нямецкую дзяўчынку, вынес з­пад кулямётнага абстрэлу. Малы вельмі прыгожа пераказвае, літаратурнай мовай, з інтанацыямі. Я толькі манатонна, як настаўніца, ківаю галавой: «Так, так, так». І вось фінал. Сын урачыстым і трагічным голасам завяршае пераказ: «І вось так загінуў савецкі салдат, застрэліла яго тая нямецкая дзяўчынка, нёс ён яе, нёс — а яна дастала з­пад паліто пісталет — і выстраліла прама салдату ў сэрца!» Я падхапілася: «Што? Што? Нямецкая дзяўчынка застрэліла свайго выратавальніка? Там так і напісана? Пакажы падручнік!» Я схапіла кнігу, пачала ліхаманкава гартаць. Ды дзе ж там пра забойства? «Ну вось жа напісана! І забіла салдата нямецкая куля! Куля — так дзяўчынку звалі!», — патлумачыў малы. «А чаму тады куля — з малой літары?» — хітра запыталася я. «Таму што памылка ў падручніку!» — не разгубіўся малы.

* * *

Знаёмая распавядае, смяецца. «Сын чытаў буквар, прыйшоў і кажа: «Мама, рукі мыць — блага!» — «Чаму?» — «Я чытаў у буквары! Там напісана: дзяўчынка мыла рукі — і твар! Значыць, благая дзяўчынка, раз рукі мые, то яна твар!»

І смех і грэх. Але хіба грэх можа быць смешным?

* * *

Быў выпадак, калі я і яшчэ двое беларускамоўныя ехалі ў цягніку ў плацкарце. Побач была незнаёмая дзяўчына, здаецца, з Бабруйска. Яна была здзіўлена, запыталася, чаму мы размаўляем па­беларуску. Мы пачалі жартаваць і пераканалі дзяўчыну, што ў Гомелі размаўляюць выключна па­беларуску. Што ўсе, хто едзе ў вагоне з Гомеля, — беларускамоўныя. Яна канчаткова паверыла, калі мы звярнулі ўвагу на тое, што ў гэтым плацкарце яна «моўная меншасць». Тут узгадвае выпадкі са свайго беларускамоўнага жыцця сябра ТБМ Марыя Булавінская.

Яна аднойчы прасіла ў гомельскай кавярні відэлец. Афіцыянтка нават не перапытала — прынесла ёй талерку. «Я ёй пачала тлумачыць па­беларуску, што такое відэлец. А яна здранцвела, глядзіць на мяне і ці то зусім не разумее, ці то ў яе ступар пачаўся», — дадае Марыя.

* * *

«Неяк мы ўзялі на Купалле ў Добрушскі раён кітайца. Зайшлі там у краму. Навучылі кітайца па­беларуску запытацца нешта ў прадаўца. Прадаўшчыца не зразумела. А мы ёй кажам: «Вось бачыце, нават кітаец ведае беларускую мову!» А яна нам упэўнена заяўляе: «Ніякі ён не кітаец. І да кітайца нават не падобны!»

* * *

Журналісту Міколу Бянько ў шапіку замест папяровых сурвэтак прапанавалі чамусьці салёныя арэшкі. «Аднойчы нам адмовілі ў медыцынскай паслузе ў гомельскай паліклініцы. Мы запоўнілі нейкую паперку па­беларуску, калі рабілі флюараграфію, а нам адказалі: «Мы прымаем альбо на расійскай, альбо на ангельскай». Цяпер пішам свае дадзеныя на бланках па­ангельску», — узгадвае журналіст.

* * *

«А пры апытанцы на вуліцы нейкі выпівоха пачаў да нас чапіцца: чаго, маўляў, мы ў Беларусі на ўкраінскай мове размаўляем?» — дадае Мікола Бянько.

Украінцам ці палякам называюць часам, калі чуюць беларускую мову з яго вуснаў, і маршалка гомельскай «Талакі» Яўгена Меркіса: «У цягніку ехаў, па тэлефоне размаўляў. Сусед па плацкарце кажа іншаму: «О, бачыш, як ён на ўкраінскай мове прыгожа шпарыць! Умеюць жа! А чаму мы не можам на сваёй, беларускай, мове размаўляць?»

* * *

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Міхайлаўна дзеліцца сваімі назіраннямі. «Школьнікі не разумеюць такія словы, як абрус, відэлец, дыван — назвы прадметаў штодзённага абыходжання.

Даводзіцца марнаваць час уроку, каб тлумачыць ім сэнс словаў. Я не перакладаю на рускую мову — гэта было б злачынствам! Тлумачу на беларускай. І з кожным годам становішча ўсё горш і горш. Дзеці не могуць фармуляваць свае думкі на беларускай мове, разважаць — не, ніяк.

А што хацець — з імі ніхто не размаўляе па­беларуску. Вось быў урок на тэму «У нескладовае», пісалі слоўнікавы дыктант. Трэба было напісаць «на Урале». Адзін вучань напісаў «наўралі». Я спыталася: што гэта? І ён патлумачыў, што гэта на беларускай мове «наврали», дзеяслоў.

Гэта гаворыць пра тое, што і агульнае інтэлектуальнае развіццё — слабаватае, дзеці не ведаюць, дзе той Урал, дзе той Байкал. Хіба толькі ў сям’і можна выхаваць, навучыць, развіць здольнасці дзіцяці. Я маю на ўвазе і беларускую мову, і агульнае інтэлектуальнае развіццё», — разважае настаўніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0