Гаворка пра гэта вялася ўчора, 28 верасня, падчас наведвання Лукашэнкам у часе «Дажынак» чыгуначнай станцыі Жлобін.

Лукашэнка пацікавіўся, як рэалізуецца даручэнне па стварэнні пасажырскай чыгуначнай камунікацыі паміж сталіцай і Нацыянальным аэрапортам Мінск.

Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак далажыў, што стварэнне асобнай прамой пасажырскай лініі немэтазгодна, зыходзячы з параўнальна невялікіх аб’ёмаў пасажырапатоку.

Разам з тым выкарыстанне існуючай чыгуначнай інфраструктуры з будаўніцтвам адгалінавання на аэрапорт значна патанніць праект. Пры гэтым час на перавозку пасажыраў павялічыцца ўсяго на 10–15 хвілін.

Нагадаем, што 4 красавіка 2013 г. Лукашэнка падчас сустрэчы з гендырэктарам швейцарскай кампаніі «Штадлер Рэйл Груп» Петэрам Шпулерам даручыў ураду і кіраўніцтву Беларускай чыгункі

неадкладна распрацаваць праект чыгуначных зносін сталіцы з Нацыянальным аэрапортам Мінск

«Трэба… тэрмінова зрабіць гэты праект, без прамаруджвання, — казаў тады Лукашэнка. Людзі змогуць больш карыстацца паслугамі аэрапорта, бо даехаць да яго будзе лёгка».

Лукашэнка таксама выказаў тады, 4 красавіка, думку, што каб хутчэй вырашыць гэтую праблему, варта прыпыніць некаторыя праекты дзяржаўных праграм.

Пра тое, што плануецца пусціць пасажырскія цягнікі са сталіцы да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, у лістападзе 2012 года казаў міністр Сівак. Паводле яго тагачасных словаў, вялікай праблемы не павінна было быць, бо чыгунка ад Смалявічаў да аэрапорта існуе — па ёй дастаўляюць грузы і паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?