Да канца года ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага і Першамайскага раёнаў Мінска адкрыюць два аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей на 50 месцаў.

Пра гэта паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 1 кастрычніка.

Пажылых людзей, растлумачыла Дудка, «можна будзе пакінуць у аддзяленні дзённага знаходжання, як у дзіцячым садку, а вечарам забраць дамоў».

Ім забяспечаць прафесійны догляд, для дастаўкі плануецца выкарыстоўваць службу сацыяльнага таксі. Прымаць у аддзяленні дзённага знаходжання будуць толькі дзеяздольных пажылых людзей, пералік медыцынскіх супрацьпаказанняў распрацоўваецца. Плата за паслугу будзе невялікая, не большая, чым за знаходжанне ў дзіцячым садку, сказала Дудка.

Яна падкрэсліла, што аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых дазволяць ім жыць у сям'і, не губляць сувязяў з роднымі. Гэта вельмі важна, сказала Дудка, бо «сям'ю пажылому чалавеку не заменіць нішто».

Каб аблегчыць догляд пажылых людзей у сем'ях, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама прапаноўвае сацыяльную перадышку, гэта значыць магчымасць пакінуць пажылога чалавека на адзін-два месяцы ў інтэрнаце на платнай аснове. Кошт паслугі — 2 млн. 990 тысяч рублёў. У гэту суму ўваходзіць плата за пяціразовае харчаванне, пражыванне і медыцынскі догляд на працягу месяца. «Такая сацыяльная перадышка дазваляе тым, хто даглядае пажылых людзей, паехаць у адпачынак, у камандзіроўку», — адзначыла Дудка.

У Мінску, падкрэсліла яна, пажылыя людзі актыўна карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі на даму, паслугамі сядзелкі, «попыт на якія перавышае прапанову».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?