Палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу 2 кастрычніка прыняла ў першым чытанні законапраект пра ўнясенне дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях праходжання ваеннай службы.

Згодна з законапраектам, асобам, якія праходзяць воінскую службу, а таксама службу ў органах унутраных спраў, фінансавых расследаванняў і падраздзяленнях МНС забаронена атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія даюць ільготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнасцю. Забараняецца карыстацца такімі льготамі, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі, якія падпісала Беларусь.

Міністр абароны Юрый Жадобін, які прадстаўляў дакумент, адзначыў, што пасля таго як дакумент набудзе моц, пры паступленні на ваенную службу неабходна будзе здаць ільготныя дакументы замежных дзяржаў, калі яны ёсць, на працягу пяці дзён. Гэта будзе абумоўлена ў кантракце.

Варта адзначыць, што ў лютым 2012 года аналагічныя абмежаванні былі ўведзены ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Паводле паправак у закон «Аб дзяржаўнай службе» дзяржслужачым забараняецца карыстацца льготамі і перавагамі, якія даюцца замежнымі дзяржавамі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама атрымліваць дакументы, што даюць такія льготы і перавагі.

Папраўкі ў закон былі распрацаваныя ў межах рашэння Канстытуцыйнага суда Беларусі адносна закона Польшчы аб карце паляка.

Карта паляка пацвярджае прыналежнасць грамадзяніна краін СНД і Балтыі да польскага народа. Яе ўладальнік мае права на атрыманне доўгатэрміновай шматразовай візы на знаходжанне ў Польшчы, легальную працу на тэрыторыі Польшчы без атрымання дазволу на працу, занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі і іншыя льготы.

Канстытуцыйны суд Беларусі палічыў, што асобныя нормы закона аб карце паляка не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы, прадугледжаным статусам ААН, а таксама шэрагу міжнародных і двухбаковых беларуска-польскіх дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?