03.10.2013 / 11:29

Як «Голас Радзімы» выконваў спецзаданні савецкага КГБ 27

«Можна было б забыцца на ўсё, праглынуўшы трайную дозу какаіну…»

«Голас Радзімы» пачынаўся як беларускі дадатак да агульнасавецкага выдання «Голос Родины», якое было разлічанае на эмігрантаў з СССР.

Заснаванае ў 1955 выданне, якое спачатку называлася «За вяртанне на радзіму», намагалася стварыць пазітыўны імідж БССР і прапагандаваць вяртанне былых савецкіх грамадзянаў. А таксама выконвала заданні КГБ па псіхалагічнай вайне супраць эміграцыі і іншых праціўнікаў савецкага рэжыму.

У падшыўках «Голасу Радзімы» чаго толькі не знойдзеш.

Тое, што газета пачала выходзіць праз 10 гадоў пасля заканчэння вайны, таксама невыпадкова. Большасць беларусаў апынулася на Захадзе акурат пасля ваеннай завірухі: кагосьці пагналі на працу падчас акупацыі, нехта паехаў сам, не маючы ілюзіяў наконт хуткай сустрэчы з саветамі… З апошняй катэгорыяй, асабліва з яе актыўнай часткай, у краіны саветаў былі асаблівыя адносіны.

«Графаманы, п’яніцы, галаварэзы…»

Набор штампаў дазваляў закляйміць абсалютна любога актывіста эмігранцкага руху. Пішаш – значыць «графаман», удзельнічаў у вайсковых фармаваннях – «галаварэз» (але пры гэтым прафан у вайсковай справе), мужчына – «алкаголік», жанчына – «драпежная блудніца» (часам наадварот), ну і ўсе гуртам — няўдахі па жыцці, якія пабіраюцца ў «замежных гаспадароў».

Вось характэрны пасаж: «Некалі гаваркая і вясёлая, цяпер Наталля Арсеннева, (…) ціха сноўдае па цёмных гарадскіх ускраінах «богам абетаванай Амерыкі» і горка плача па радзіме. Але яе слёзы нікога не кранаюць. З іх яшчэ не выдыхаўся перагар таннага заморскага віскі…» і г.д.

«Быў шкалік віскі, і той Станкевіч высмактаў…»

Алкаголь, дарэчы, як і цяпер, — асобная тэма для прапагандыстаў: «танны заморскі віскі», «нацыяналістычныя кнайпы» прысутнічаюць фактычна ў кожным нарысе, прысвечаным актывістам дыяспары. Цікава, як аўтар, які, хутчэй за ўсё, ніколі не быў у краінах «загніваючага Захаду», уяўляў «нацыяналістычную кнайпу»? Хіба нечым накшталт львоўскага бара «Криївка», дзе на ўваходзе ў наведнікаў жартам запытваюць, ці не маскалі яны альбо камуністы…

Часам фігуруюць і наркотыкі: «…Можна было б забыцца на ўсё, праглынуўшы трайную дозу какаіну або якой-небудзь іншай падбадзёрвальнай атруты. Але за наркотыкі трэба плаціць вялікія грошы, а старой бяззубай гадзіне зараз не лёгка іх наскрэбці», — гэта ўжо пра Надзею Абрамаву, былую кіраўнічку юначак СБМ. …Яшчэ пару гадоў таму дзяржаўныя СМІ гэтаксама абмалёўвалі атмасферу ў іншай моладзевай арганізацыі – «Маладым Фронце».

«На задворках Пентагона»

Распальванне ўнутраных канфліктаў ды ўзаемнага недаверу – асобная тэма. У вусны адных дзеячаў эміграцыі укладаюцца абразы ў адрас іншых. Чаго каштуе маналог нібыта «з вуснаў» той жа паэткі Арсенневай: «…Абрамчык – нікчэмны хапуга і шызафрэнік, Мярляк – пустазвон, Віцьбіч – п’яніца і графаман, а пра Станкевіча дык і гаварыць не хочацца…» У адказ на Арсенневу з такім жа імпэтам нібыта накідваецца эмігранцкі пісьменнік Уладзімір Сядура… І так да бясконцасці.

Частка такіх запісаў грунтавалася на данясеннях савецкіх агентаў, а частку высмоктвалі з пальца, абы пасеяць недавер між дзеячамі.

Не застаецца без увагі і «грантавая тэма»: «Многія з іх даўно (…) перабраліся бліжэй да Пентагона, на задворках якога цяпер жыруюць розныя палітычныя падонкі, астатнія грызуцца паміж сабою за «жыццёвую прастору», вызначаюць граніцы сваіх неіснуючых дзяржаў, потым мірацца і бягуць у амерыканскі так званы «інстытут па вывучэнні СССР» па «субсідыі» на антысавецкую прапаганду». Цяпер на месца інстытута паставілі б хіба NDI альбо Фонд Сораса.

«Яму ўжо ніхто не верыць»

Тэма «вайсковых злачынцаў» таксама была заўжды актуальная ў «Голасе Радзімы». У гэтую катэгорыю аўтаматычна траплялі ўсе ўдзельнікі антысавецкіх вайсковых фармаванняў. Адна з ахвяраў «выкрыцця» — Сяргей Гутарчык. «Яму ўжо ніхто не верыць» — назва артыкула, каб падкрэсліць моц прапаганды «Голасу Радзімы» сярод дыяспары.

«…Гэтых гадаў трэба рашуча выкрываць і паказваць перад беларускай эміграцыяй»,эмацыйна заканчвае аўтар свой ліст у рэдакцыю, пазначаны як «А.Р., былы жаўнер з Гутарчыкавага звязу». Ён жа дадае фотаздымак свайго былога камандзіра.

Дзіўна, па шчырасці, усё гэта чуць з вуснаў чалавека, які сам перабывае на Захадзе і чамусьці не імкнецца вяртацца ў СССР. Ці існаваў «А.Р.» насамрэч, чым маглі зацікавіць альбо запужаць гэтага чалавека, альбо ўвесь тэкст — сфабрыкаваная спецслужбамі фікцыя — невядома.

«Змагары» ў двукоссі

Пасля таго як пагартаеш падшыўку «Голасу Радзімы», як некалі напісаў Зміцер Панкавец, хочацца старанна памыць рукі. Характэрна, што большасць прапагандысцкіх прыёмаў засталіся ў выкарыстанні і сёння: слова «змагар» у двукоссі, пастаянная прыстаўка «так званы», згадкі пра алкаголь, наркотыкі, субсідыі, жаданне падкрэсліць, што беларускі актыў надакучыў усім нават на Захадзе… Няма хіба фармулёўкі «5-я калона», бо ў БССР усе яе магчымыя прадстаўнікі ўжо сядзелі, а ўсе героі публікацыяў ужо нейкі час перабывалі за мяжой.

Зрэшты, дастаткова замяніць прозвішчы Абрамавай, Кушаля, Арсенневай, Станкевіча на Палажанку, Бандарэнку, Радзіну, Пазняка, каб ўсё стала на свае месцы… Чамусьці не дзіўна, што «Голас Радзімы» з 2007 г. уваходзіць у медыяхолдынг пры рэдакцыі «Советская Белоруссія — Беларусь сегодня».

Алесь Кіркевіч

0
имхотеп / Адказаць
03.10.2013 / 08:37
Не смотря на комичность и жалость этих писак-пропагандонов, слово змагар использовал и буду использовать в ёрническом ключе. От очевидности паскудности пропагандонов змагары автоматически не исчезают и не становятся адекватными. Змагар - это тот, кто в каждом оппоненте видит "таварышча маёра" и его "лубянковское начальства". Змагарства, и правда, отравляет беларусов.
0
STATiK / Адказаць
03.10.2013 / 09:34
Ххехе... Звычайная гауна-агитка, так нагадвае месцами сённяшних прастытутак ад пяра... Але ж сп. Гисторыя усё расстауляе па месцах, и праз паустагоддзя нашчадки бачаць тую срань ды той бруд. што у тыя часы лилися на галовы няугодных савецкае акупацыи... Гэтак жа праз кольки год нашы дзеци-унуки будуць глядзець на галаграфичныя виртуальныя сканы Саубелак нашых часоу ды усведамляць тое, што сёння усведамляем мы пра былыя гады... 2 имхотеп Плюсую. Згодзен. Аналагична.
0
Палешук / Адказаць
03.10.2013 / 09:37
Вас, господин египтянин, не отравить ,потому что у бесхребетных мосек-рабов империи нет чувств ,которые подвержены заражению вирусом Змагарства за свою Родину! Вы готовы отдаться за деньги империи и отдаетесь. Свою продажность вы оправдываете правом на собственное мнение,но это лишь оправдание своей лени,трусости,соглашательства и недальновидности.
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру