У Беларусі ўстаноўлены новыя правілы продажу на ўнутраным рынку транспартных сродкаў у лізінг і ўмовы дзяржпадтрымкі лізінгавых арганізацый. Адпаведны ўказ №450 ад 1 кастрычніка 2013 года апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Указ вызначае, што транспартныя сродкі, набытыя ў 2013—2014 гадах за кошт крэдытаў банкаў юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь — лізінгадаўцамі ў вытворцаў — рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, якія маюць сярэдняспісачную колькасць работнікаў на 1 студзеня 2013 года больш як 20 тыс. чалавек, перадаюцца па дагаворах фінансавай арэнды (лізінгу) арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам Рэспублікі Беларусь з устанаўленнем узнагароды (даходу) лізінгадаўцы, які не перавышае 2% ад адпускной цаны транспартнага сродку, вызначанай вытворцам — рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

На падставе ўказа на працягу не больш як пяці гадоў лізінгадаўца будзе атрымліваць за кошт бюджэту кампенсацыю для выплаты працэнтных ставак па крэдытах, атрыманых для набыцця ў лізінг транспартных сродкаў.

Па крэдытах у беларускіх рублях памер кампенсацыі складзе 50% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, але не больш як 12% гадавых, а па крэдытах у валюце кампенсацыя будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па бягучым курсе зыходзячы з памеру 50% стаўкі па крэдыце, але не больш як 4% гадавых.

Указ падпісаны ў мэтах "садзейнічання развіццю фінансавай арэнды (лізінгу) транспартных сродкаў, паляпшэння інвестыцыйнага клімату", адзначылі ў прэс-службе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?