Сёння адбудзецца фінал адбору на дзіцячае Еўрабачанне.

За права адправіцца на конкурс змагаецца 10 намінантаў, адзін з якіх спявае па-беларуску, два чалавекі абралі сваім стылем лаціну, а яшчэ некалькі — джаз. «Наша Ніва» прапануе вам ацаніць маладыя беларускія таленты.

Руслан Асланаў – «Звезды зовут»

Першы фіналіст — 11-гадовы Руслан Асланаў з Мінска, на чыім рахунку ўжо ёсць перамогі на конкурсах у Балгарыі і Латвіі, а таксама на Конкурсе патрыятычнай песні ў Мінску. Яго нумар — сімпатычная паўакустычная балада.

Ангеліна Піпер – «Мы танцуем джаз»

13-гадовая дзяўчынка з Брэста Ангеліна Піпер спявае класічны джайв у моднай цяпер манеры 1950-х. Ангеліна таксама паспела атрымаць некалькі дыпломаў — у Беларусі і ў Польшчы.

Ксенія Церашонак – «Пад парусом мечты»

Вельмі знаёмы клавішны ўступ адкрывае цалкам сябе дарослую па ўзроўні лаціну ў выкананні 13-гадовай Ксеніі Церашонак. Калі б гэтая песня гучала па-беларуску, было б яшчэ прыемней. Аднак тое можна сказаць і пра астатніх удзельнікаў.

Даная Шаршавіцкая – «Простой мотів»

Выканаўца песні «Простой мотів» Даная Шаршавіцкая з Барысава, паводле ўласных словаў, бачыць сябе на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. Мяркуючы па песні, мае на тое ўсе шансы – па стылістыцы песня нагадвае знакамітую песню Ксеніі Сітнік.

Ігар Мураўкін – «Сонца свеціць усім»

Адзіную беларускамоўную песню ў фінале заспявае Ігар Мураўкін з Ліды – павольная клавішная балада, цалкам у духу дарослага Еўрабачання.

Юлія Мажылоўская – Мечты

Ізноў лёгкія джазавыя матывы, створаныя пры дапамозе гурта Chiefs Band, здаецца, беларускае дзіцячае Еўрабачанне натхняецца фільмам «Стылягі». Тым не менш, з усіх джазавых рэчаў на конкурсе «Мары» выглядаюць найбольш цікава.

Уладлен Іваноў – «Белые облака»

Яшчэ адна балада, цяпер у выкананні 12-гадовага Уладлена Іванова, які па ўласных словах, любіць гурт Queen, што па песне бачна – мелодыя ліецца вадаспадам, які перарываецца клавішнымі пасажамі.

Ілля Волкаў – «Пой со мной»

Яшчэ адзін з фіналістаў – Ілля Волкаў распрацоўвае тую самую музычную тэму, што і Алена Ланская – лёгкая ўсходняя мелодыя, якія вельмі любяць у нашай і блізкіх краінах.

Надзея Місякова – «Деловая»

А вось тут ужо адчуваецца ўплыў сучаснай еўрапейскай музыкі – песня пра бізнэс-план і распісанае пахвілінна жыццё. 13-гадовая мінчанка Надзея Місякова называе сябе «Дзяўчынка, якая спявае». Магчыма не на Еўрабачанні, але гэтую песню мы яшчэ пачуем.

Аня Зайцава – «Мы помнім»

Песня пра вялікіх спевакоў мінулага – ад Джона Ленана да Уладзіміра Мулявіна. Вельмі прадуманая рэч, аднак не зусім упісваецца ў фармат дзіцячага Еўрабачання. Тым не менш, варта ўхваліць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?