Юры Дзмітрыевіч, настаўніцкі стаж – 5 гадоў, настаўнік тэхнічнай працы, г. Міёры.

– Я адзіны працавік у школе, таму выкладаю ўва ўсіх хлопцаў 5–9-х класаў. Першы год, праўда, давялося папрацаваць адразу ў дзвюх вясковых школах. Там завядзёнка – зрываць маладым настаўнікам урокі, таму было цяжка. Калі параўноўваць, я цяпер як сыр у масле: вучні збольшага паслухмяныя.

Хаця бывае, што дысцыпліна кульгае. У наш час мы нават у 11-м класе на ўроку настаўніка, які нам не падабаўся, сядзелі ціха.

Цяпер жа вучні ўвесь час агрызаюцца, можна і дарослыя слоўцы пачуць. Я не магу сказаць, што я суперсвяты, але перад дарослымі благія словы ўжываць саромеўся.

Праблема яшчэ ў тым, што сучасныя дзеці не жадаюць слухаць пра абавязкі, але ведаюць свае правы – па карку ім не дасі і за вушы не пацягаеш.

Але ж часам вучню гэта больш трэба, чым настаўніку. Мой працавік такія меры прымяняў, і гэта было моцна.

Самае вялікае адрозненне сучаснага пакалення ад нашага – выкарыстанне тэхналогій. Як вынік – фізічная слабасць.

Скрыўленні розныя, дрэнны зрок. Мой прадмет вымагае фізічнай актыўнасці: адпілаваць нешта, цвік прыбіць. Часам вучням нават такія простыя дзеянні даюцца з потам на ілбе.

Памятаю, калі быў вучнем, на перапынку ўсе выбягалі на калідор і пачыналі дурэць. З суседнім класам дзверы адзін аднаму здымалі.

А цяпер што – званок з урока празвінеў, яны дасталі тэлефоны – і давай чытаць у «Кантакце», што адбылося ў свеце за апошнія 45 хвілін.

У мяне спецыфіка працы – толькі з хлопчыкамі. Узровень іх выхаванасці – нікчэмны. Вось мы сёння вярталіся з калгаса, дзе капалі бульбу. У аўтобусе ў хлопцаў нават думкі не было, каб саступіць месца дзяўчатам ці настаўнікам. А яшчэ хлопчыкі вельмі крыўдлівыя зрабіліся. Нават па дробязях. Забыў, напрыклад, асадку прынесці на ўрок сябру – усё, той можа пасля тыдзень не размаўляць. І гэта пры тым, што яны вучацца ў адным класе.

Наогул, на першых сваіх занятках я так і кажу: «У гэтай майстэрні мы будзем рабіць тое, чым павінен займацца сапраўдны мужчына». Калі ўвесну падчас прыборкі школьнай тэрыторыі хлопцы пачынаюць нудзець, чаму яны павінны займацца жаночай працай, я звычайна нагадваю: калі ты хлопец, не абавязкова ляжаць на канапе, чытаць газету і заплываць тлушчам. Усё пытанні адразу адпадаюць.

Пачуццё прыгожага ў дзяцей засталося, усе добра разумеюць, што можна падарыць, а што лепш выкінуць у сметніцу.

Затое працу, якая не атрымалася, выстаўляюць як жарт – нібы так адразу і задумвалі. Дзякуючы сацсеткам усё вельмі апашлілася, малюнкі на чарцяжы выклікаюць зусім іншыя эмоцыі. З Венеры Мілоскай яны ўжо проста будуць ржаць. Таксама няма і спачування. Неяк глядзелі дакументальнае кіно пра жывёлін, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Дзеці смяяліся. Толькі пасля пытання «А чаму б вы не хацелі трапіць на іх месца?» пачынаюць задумвацца.

У сучасных дзяцей – матэрыяльны светапогляд, без магчымасці ўзбагачэння яны нічога рабіць не будуць.

Мы працавалі больш для задавальнення. Таксама ў дзяцей вельмі вялікія амбіцыі. Тыя, хто займаецца футболам, не сумняюцца, што спорт будзе прыносіць ім грошы. Зразумела, такім не трэба ні мову вывучаць, ні матэматыку, ні, тым больш, тэхнічную працу.

Я прапагандую здаровы лад жыцця на ўласным прыкладзе.

Не палю, прыходжу пагуляць у баскетбол на школьныя секцыі, бегаю з вучнямі, паказваю, што калі я займаюся не абавязковымі для працавіка справамі, няхай і яны робяць высновы.

Вечары ў школе як і раней праходзяць. Адзінае, такіх вучняў – спецыялістаў па апаратуры, якія былі ў наш час, няма. Дый дыджэі ў наш час арыентаваліся ўва ўсіх напрамках музыкі, а не былі вузкімі знаўцамі аднаго стылю кшталту даб-стэпу.

Хаця ёсць і пазітыўныя змены. Павысіўся ўзровень адносінаў хлопчык-дзяўчынка. Цяпер хлопцы ведаюць, як далікатна паразмаўляць з дзяўчынай – нам было больш складана.

Дый клас цяпер не дзеліцца па палавых прыкметах на два варожыя бакі – усе паміж сабой сябруюць.

Алена Пятроўна, настаўніцкі стаж – 18 гадоў, біёлаг, Маладзечна (імя змененае)

– Кожны год у школу прыходзяць дзеці, па інтэлектуальным развіцці слабейшыя за сваіх папярэднікаў.

Выпускнікі ж настроеныя на ВНУ, але часта пераацэньваюць свае магчымасці. Таму калі сутыкаюцца з першымі складанасцямі, адразу пасуюць.

Для мяне дзіўна, што дзеці не гуляюць паміж сабой у дваровыя гульні, усе па вушы ў камп'ютарах, смартфонах. Калі ў школьным лагеры прапаноўваем ім пагуляць, яны не ведаюць правілаў самых простых гульняў.

Вучні зрабіліся нейкімі пасіўнымі. Раней было больш дзяцей, якія цікавіліся прадметам, хацелі дадаткова займацца. Цяпер асаблівай цікавасці ў іх не заўважаю.

Магчыма, вінаватая праграма – прыйшоў час зрабіць яе больш сучаснай. А яшчэ цяпер складана падняць дзяцей на ўдзел у мерапрыемствах. У нас ужо колькі гадоў складана сабраць каманду на ўдзел у КВЗ.

Дыскатэкі самі ўжо не арганізоўваюць – падаецца, ім увогуле нічога не трэба. Мо па-за школай у іх цікавасцяў больш.

Так, цяпер вялікі доступ да крыніц інфармацыі, але ж збольшага вучні імкнуцца спісаць і забыць. На кантрольных даводзіцца ўвесь час смартфоны забіраць. І адзіны адказ на ўсё: «Навошта мне вучыць, калі я магу пагугліць?»

Затое сучасныя дзеці могуць вельмі хутка засвоіць любую тэхніку.

Мы жартуем: хочаш вывучыць новыя тэхналогіі – ідзі да дзіцяці. Настаўнікі не маюць права адставаць ад вучняў.

Болей меркаванняў настаўнікаў пра сучасных вучняў чытайце на 34mag.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?