05.10.2013 / 14:59

Сотні людзей прыйшлі развітацца з Віктарам Івашкевічам 5

Палітыка праводзілі ў апошні шлях пад спеў гімна «Магутны Божа» і пад бел-чырвона-белым сцягам.

 

Сотні чалавек прыйшлі 5 кастрычніка ў залу рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага ў Мінску, каб развітацца з апазіцыйным палітыкам Віктарам Івашкевічам. Гэта родныя і сябры памерлага, вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, журналісты, паведамляе БелаПАН.

Сярод тых, хто прыйшоў праводзіць Віктара Івашкевіча ў апошні шлях, — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч,генерал, былы дэпутат парламента Валерый Фралоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, апазіцыйныя дзеячы Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Генадзь Лойка і іншыя.

Успамінаючы пра Віктара Івашкевіча, Вінцук Вячорка сказаў: «Сваім рамантызмам і аптымізмам ён абяззбройваў апанентаў і натхняў сяброў. Віктар быў светлы, пазітыўны і ўсмешлівы чалавека, які ніколі не губляў пачуццё гумару.

Ён любіў жыццё і людзей, гэтым ён быў дарагі блізкім, сябрам і ўсёй Беларусі. Ён вёў за сабой народ і быў перакананы, што трэба абапірацца на людзей. Імя Віктара Івашкевіча загучыць тады, калі здзейсніцца тое, у што ён верыў».

Лявон Баршчэўскі ўспомніў словы Віктара Івашкевіча аб тым, што «цяпер не час займацца мемуарамі — трэба планаваць будучыню». «Таму трэба думаць аб будучыні, аб тым, аб чым ён марыў», — сказаў Баршчэўскі.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна нагадала аб тым, што Віктар Івашкевіч займаўся і журналісцкай працай.

«Для мяне ён яшчэ і калега па цэху. Гэта быў журналіст, які пацярпеў за слова і праўду. Ён з'яўляецца прыкладам у найноўшай гісторыі сучаснай сумленнай журналістыкі», — адзначыла Літвіна.

Выступоўцы гаварылі пра памерлага як пра «фантастычнага арганізатара», чалавека, які арганізоўваў найбуйнейшыя народныя выступленні 1980-х гадоў.

З супрацьлеглага боку вуліцы за развітаннем назіраюць два чалавекі ў цывільным, там жа прыпаркавана некалькі мікрааўтобусаў.

Развітанне з Віктарам Івашкевічам будзе доўжыцца да 14 гадзін. Затым ён будзе пахаваны на Паўночных могілках сталіцы.

Вядомы апазіцыйны палітык, лідар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч памёр у 9-й бальніцы Мінска 3 кастрычніка пасля цяжкай і працяглай хваробы на 55 годзе жыцця.

Віктар Івашкевіч — журналіст па адукацыі. З пачатку 1980-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у маладзёжным нацыянальным руху, нефармальных аб'яднаннях «Майстроўня» і «Талака».

Яго лічылі адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый. У іх ліку — марш-пратэст па Заходняй Дзвіне-Даўгаве (разам з аднадумцамі з Латвіі) супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС 1987 года, экалагічны марш па Прыпяці — адна з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту 1988 года, забастоўка вадзіцеляў гарадскіх аўтобусаў у Мінску 1989 года.

У 1991 годзе Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння страйкамаў на мінскіх прадпрыемствах. З 1988 года — у Беларускім народным фронце.

Да 1996 года Віктар Івашкевіч быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ.

Уваходзіў у групу лідараў БНФ, якія адкрыта выступілі з крытыкай Зянона Пазняка на з'ездзе партыі ў 1999.

З 1997 года Віктар Івашкевіч быў рэдактарам газеты «Рабочий», з 1999-га — віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Палітык неаднаразова атрымліваў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб'яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 года асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Віктар Івашкевіч з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава.

Неўзабаве пасля выбараў, у лютым 2011 года, Івашкевіч і група іншых членаў Партыі БНФ выйшлі з яе радоў у знак нязгоды з дзеяннямі экс-кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і аб'явілі аб стварэнні нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух».

Віктар Івашкевіч узначаліў аргкамітэт новай партыі. Сярод прыярытэтаў «Беларускага руху» называлася барацьба за вызваленне палітзняволеных, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да кіруючай эліты Беларусі.

0
Алесь / Адказаць
05.10.2013 / 16:55
Сотні,....... а павінны быць тысячы. Была у асноўным "старая гвардыя". Моладзі вельмі мала.. шкада, што беларусы да гэтуль ня могуць дакладна ацаніць маштаб асобы, маштаб страты... Калі мы ужо сгуртуемся вакол сваіх герояў??
0
Напамiн / Адказаць
05.10.2013 / 17:57
Чалавекi ў цывільным, вам у падарунак Урывак з інтэрв'ю Віктара Івашкевіча: -Я хаджу па горадзе ў кепі і бачу рэакцыю "гы-гы"... ўся моладзь ходзіць у шапачках, як у АМАПа ... Чаму? Ён быў сапраўдны змагар з шэрасцю, баец за праўду, воін, які ўмеў мужна змагацца, але не здольны быў ненавідзець, нават ворагаў сваіх ... Чаму вы не такія?
0
Міхась Злоцкі / Адказаць
06.10.2013 / 00:05
Алесь напiсаў(ла) Сотні,....... а павінны быць тысячы. ------------------------------------------------------- Сапраўды шкада. Можа потым людзі ўразумеюць?.. Каб толькі позна не было. Пакой яго душы.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру