Галоўным трэнерам зборных каманд Расіі па веславанні на байдарках і каноэ стане выдатны беларускі спартсмен, дэпутат палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу другога склікання Уладзімір Парфяновіч. 

Як паведаміў Парфяновіч, рашэнне аб яго прызначэнні прынята прэзідыумам Усерасійскай федэрацыі веславання на байдарках і каноэ. Усе неабходныя дакументы перададзены ў Міністэрства спорту Расіі. На працягу 30 дзён яны павінны прайсці ўсе ўзгадненні, пасля чаго Парфяновіч пачне выконваць свае абавязкі. «Хаця я ўжо прыняў стырно ўлады», — дадаў спартсмен.

Першачарговай задачай Уладзіміра Парфяновіча на новай пасадзе стане «дастойнае выступленне расійскай зборнай на Алімпійскіх гульнях, якія маюць адбыцца «. Акрамя таго, ён будзе несці адказнасць за выкананне праграмы развіцця расійскага веславання ў цэлым, развіццё вяслярных цэнтраў, кіраваць работай па падрыхтоўцы юнацкай, мужчынскіх і жаночых зборных каманд.

Імклівы кар'ерны ўзлёт Парфяновіча ў Расіі пачаўся каля чатырох гадоў таму, калі ён быў прызначаны на пасаду памочніка прэзідэнта Усерасійскай федэрацыі веславання на байдарках і каноэ, а пасля стаў старшым трэнерам зборнай каманды Расіі па мужчынскай байдарцы. Пры гэтым спартсмен застаецца грамадзянінам Беларусі. «У мяне беларускі пашпарт, грамадзянства я не мяняў», — падкрэсліў ён. 

Паводле слоў Парфяновіча, у Беларусі ён заставаўся беспрацоўным на працягу чатырох гадоў, «нават дворнікам не мог уладкавацца».

Такая сітуацыя, лічыць спартсмен, склалася з-за рознагалоссяў з кіраўніцтвам краіны падчас яго дэпутацтва ў парламенце, з-за ўваходжання ў апазіцыйную дэпутацкую групу «Рэспубліка». 

Уладзімір Парфяновіч нарадзіўся 2 снежня 1958 года ў Мінску. У 1979 годзе стаў заслужаным майстрам спорту СССР, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцягу і Дружбы народаў.

На Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980 годзе стаў трохразовым чэмпіёнам па веславанні. З'яўляецца адзіным у свеце байдарачнікам, які заваяваў тры залатыя медалі на працягу адной Алімпіяды.

Парфяновіч чатыры разы станавіўся чэмпіёнам свету — у 1979-м і ў перыяд 1981—1983 гадоў, а таксама шэсць разоў — чэмпіёнам СССР. У 1980—1983 гадах прызнаваўся лепшым спартсменам БССР.

У 2004 г. Уладзімір Парфяновіч (злева) разам з Валерыем Фраловым і Сяргеем Скрабцом з дэпутацкай групы «Рэспубліка» праводзілі шматдзённую галадоўку пратэсту за папраўкі ў выбарчае заканадаўства, Photo.bymedia.net

У 2004 г. Уладзімір Парфяновіч (злева) разам з Валерыем Фраловым і Сяргеем Скрабцом з дэпутацкай групы «Рэспубліка» праводзілі шматдзённую галадоўку пратэсту за папраўкі ў выбарчае заканадаўства, Photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?