Michael Mukasey

Прапанаваны на пост міністра юстыцыі і генпракурора ЗША колішні фэдэральны судзьдзя Майкл М’юкейсі (Mukasey) — выхадзец зь Беларусі, паведаміў РІА «Новости» Валер Шчукін, перакладчык, які доўгі час працаваў разам з М’юкейсі ў фэдэральным судзе Паўднёвай акругі Нью‑Ёрку.

«Я аднойчы зацікавіўся каранямі М’юкейсі, і ён мне сказаў, што ягоны бацька — выхадзец зь Беларусі, зь мястэчка пад Баранавічамі. У іх распаўсюджанае ў Беларусі прозьвішча Мукасей, трансфармаванае ў амэрыканскае М’юкейсі. Беларускай моваю ён не валодае, бо нарадзіўся ўжо ў ЗША», — сказаў Шчукін, які таксама эміграваў зь Беларусі.

Кандыдатура новага міністра юстыцыі й генпракурора, які паводле пасады таксама адказвае за кіраўніцтва ФБР, мусіць прайсьці зацьверджаньне ў сэнаце ЗША і толькі пасьля гэтага М’юкейсі зможа ўзначаліць гэтае найуплывовае ведамства.

М’юкейсі‑Мукасей працаваў цягам 18 гадоў судзьдзём у Паўднёвай акрузе да выхаду на пэнсію ў 2006 годзе. Ён выносіў вэрдыкты па «гучных» тэрарэстычных справах і, у прыватнасьці, на працэсе па справе ісламістаў, якія арганізавалі выбух у гаражы нью‑ёрскага Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў 1993 годзе.

«М’юкейсі таксама разглядаў шматлікія справы «рускай мафіі» і вылучаўся справядлівым і незалежным стаўленьнем», — сказаў Шчукін.

У юрысдыкцыю Паўднёвай акругі траплялі багата якія злачынствы, учыненыя насельнікамі Брайтану — раёну, населенага выхаднямі з СССР і славутага колісь як прыстанішча «чырвонай мафіі» ў Нью‑Ёрку.

М’юкейсі мусіць замяніць Альбэрта Гансалеса, які сышоў у адстаўку ў мінулым месяцы і якога дэмакраты вінавацілі ў прадузятасьці й залішняй ляяльнасьці да адміністрацыі Джорджа Буша.

Паводле РИА Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0