Урад Беларусі чакае рост рэальных (з улікам інфляцыі) даходаў насельніцтва на 6% у 2014 годзе. Такі прагноз прадугледжаны праектам дзяржрашэння аб зацвярджэнні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год.
Чакаецца, што прадукцыйнасць працы ў наступным годзе будзе ўзрастаць хутчэй за зарплату работнікаў. Згодна з прагнозам урада, прадукцыйнасць працы ў 2014 годзе павялічыцца на 9,4%.
Варта зазначыць, што на 2013 год урад таксама закладваў перавышэнне тэмпаў росту прадукцыйнасці працы над павелічэннем зарплат. Так, згодна з афіцыйным прагнозам на 2013 год, рэальныя даходы насельніцтва павінны былі ўзрасці на 6,5%, прадукцыйнасць працы — на 9,3%.
Фактычнае выкананне названых паказчыкаў адрозніваецца ад прагнозных значэнняў. Згодна са звесткамі за студзень—ліпень 2013 года, рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся на 19,1%, а прадукцыйнасць працы — толькі на 2,5%.
Такім чынам, утварыўся значны разрыў у тэмпах росту прадукцыйнасці працы і рэальнай заработнай платы.
Як паведамлялася раней, рост затрат прамысловых прадпрыемстваў сёлета ў многім звязаны з павелічэннем зарплат. Згодна са статданымі, за першую палову гэтага года выдаткі беларускіх прадпрыемстваў на вытворчасць прадукцыі (работ, паслуг) павялічыліся на 15,4% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Пры гэтым, зазначае Белстат, у першым паўгоддзі 2013 года ў параўнанні са студзенем—чэрвенем 2012 года адбылося змяншэнне долі матэрыяльных выдаткаў пры павелічэнні ўдзельнай вагі на аплату працы ў агульным аб'ёме расходаў прадпрыемстваў на вытворчасць прадукцыі.
Так, доля матэрыяльных выдаткаў знізілася з 71,9% у першым паўгоддзі 2012 года да 65,5% за аналагічны перыяд гэтага года.
Удзельная ж вага выдаткаў прадпрыемстваў на аплату працы павялічылася з 13,1% у першым паўгоддзі 2012 года да 16,9% у студзені—чэрвені 2013 года.
Згодна з афіцыйнымі статзвесткамі, матэрыяльныя выдаткі прадпрыемстваў на вытворчасць прадукцыі ўзраслі ў наяўных цэнах у сярэднім на 5,2%. Выдаткі на аплату працы ў першым паўгоддзі 2013 года ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам узраслі на 49,1%.
Варта таксама зазначыць, што сёлета ўзрасла доля расходаў на аплату працы ў выручцы прадпрыемстваў. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, доля сярэднямесячнай зарплаты ў сярэднямесячнай выручцы на аднаго работніка склала ў першым паўгоддзі 2013 года 11,2% супраць 8,4% за аналагічны перыяд 2012 года.